Прыйшоў дабрабыт і ў наш быт

У акцыянерным таварыстве “Астромічы” рашэнню сацыяльных, вытворчых, духоўных і іншых праблем жыццязабеспячэння вясковых жыхароў удзяляецца вялікая ўвага. Аб пераўтварэннях, якія адбыліся ў гаспадарцы за апошні час, расказвае намеснік дырэктара акцыянернага таварыства Валянцін ПОЗНЯК.
– Дзякуючы клопату і дапамозе дзяржавы, цэнтральная сядзіба нашага сельгаспрадпрыемства – вёска Астромічы – атрымала статус аграгарадка. За апошнія гады тут шмат зроблена для паляпшэння жыццезабеспячэння вяскоўцаў. Для іх паслуг ёсць сярэдняя школа, якая пасля капітальнага рамонту набыла прыгожы сучасны выгляд, працуюць музычная школа, аддзяленні ашчаднага банка, паштовай сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, магазіны, бар. Аднавіў сваю работу і камбінат бытавога абслугоўвання. Карысна і весела вяскоўцы могуць праводзіць вольны час у Цэнтры культуры і адпачынку. Мастацкія калектывы гэтай установы сваім майстэрствам вядомы за межамі раёна. Вяскоўцы тут могуць знайсці занятак па душы і ў шматлікіх гуртках.
Характэрнай рысай адраджэння вёсак з’яўляецца будаўніцтва жылля. Новыя вуліцы з дыхтоўных дамоў сядзібнага тыпу паявіліся ў вёсках Плянта, Астромічы. Толькі за апошнія тры гады было пабудавана для вяскоўцаў 20 дамоў. У сакавіку яшчэ пяць дамоў будуць здадзены ў эксплуатацыю. І адразу пачнецца будаўніцтва чатырох новых дамоў.


Забяспечанасць жыллём і больш-менш прымальнай заработнай платай з’явіцца добрым стымулам для замацавання моладзі ў вёсцы. За мінулы год сярэднямесячная заработная плата павялічылася ў параўнанні з 2008 годам на 22 працэнты, а да канца 2010 года яна павінна дасягнуць узроўню 800 тысяч рублёў. Акрамя гэтага, сельгаспрадпрыемства пастаянна клапоціцца і аб тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку. Выдзяляем і завозім кармы для хатняй жывёлы, забяспечваем транспартам і інш.
Каб палепшыць умовы працы людзей, павысіць яе прадукцыйнасць, вядзем рэканструкцыю цялятніка ў вёсцы Жухаўцы. Да ўборкі разлічваем закончыць будаўніцтва такога важнага аб’екта, як КЗС-30. У вёсцы Плянта пабудуем кароўнік на 200 галоў з сучасным даільным абсталяваннем. Зразумела, што такія пераўтварэнні як у сацыяльнай сферы вяскоўцаў, так і ў вытворчай дазволяць узняць жыццё на новы, больш высокі ўзровень.

Аляксей Сацук

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *