Председатель Кобринского районного суда Софья Дегиль: количество рассмотрения уголовных и гражданских дел снижается.


Што важна для суддзі ў першую чаргу і як працуе кобрынская Феміда? Пра гэта карэспандэнт распытала ў старшыні Кобрынскага раённага суда Соф’і Дзегіль.


– Соф’я Васільеўна, наколькі цяжка працаваць суддзёй у раённым цэнтры?

– Мяркуйце самі, на дадзены момант у  нас працуюць шэсць суддзяў і 10 судовых выканаўцаў. А ўсяго ў калектыве каля 40 чалавек.

Нагрузка па чалавечых мерках на ўсіх спецыялістаў суда досыць высокая. Сёння кожны суддзя разглядае ў месяц 10 і больш крымінальных спраў і каля 70-80 грамадзянскіх. Пры гэтым мы павінны хутка і якасна разгледзець справу, каб пасля чалавек не хадзіў ізноў і ізноў у суд. Але мы спраўляемся, бо большасць суддзяў у нас дасведчаныя, маюць вялікі стаж работы.

Самы малады суддзя – Аляксей Кміта, ён працуе толькі год. Стаж работы суддзяў Здановіча і Каберскай – да 10 гадоў. Двое суддзяў, я і Бабаскін, працуем больш за 20 гадоў.

– У сферы юрыстаў вялікая канкурэнцыя, ці адчуваецца гэта ў судзе?

– Калі хтосьці звальняецца, то ахвотнікаў прыйсці на работу ў суд няма. Пры ўсім тым, што юрыстаў сапраўды шмат. Мы практычна тры гады шукалі намесніка старшыні. Такі вось парадокс: на судзейскую работу мала хто хоча ісці.

Хто сутыкаўся з работай суддзі, той разумее, якая гэта скрупулёзная і складаная праца. Патрэбна ўмець і паразмаўляць з чалавекам, і пераканаць, што тваё рашэнне правільнае і абгрунтаванае законам. Са спасылкай на закон і на іншыя нарматыўныя акты. Мне падаецца, што вучыцца на суддзю патрэбна ўсё жыццё.

– Ці павялічылася сёння колькасць правапарушэнняў?

Я памятаю гады, калі мы разглядалі крыху больш за 100 крымінальных спраў і каля 300-400 грамадзянскіх. Гэта было гадоў 20 таму. У апошні час у нас разглядаецца прыкладна 2300-2500 грамадзянскіх спраў, ад 450 да 500 крымінальных. Апошнія пяць гадоў мы ідзем прыкладна на адным узроўні. Нават ёсць зніжэнне.

У параўнанні з мінулым годам колькасць крымінальных спраў крыху зменшылася, аднак павялічылася колькасць грамадзянскіх. Але гэта гаворыць пра тое, што людзі сталі больш актыўна вырашаць свае пытанні праз суд. Яны лічаць, што толькі ў судзе можна знайсці праўду.

Аднак пры гэтым цяпер стала больш адміністрацыйных спраў. Гэта, на жаль, сведыць аб тым, што грамадзяне сталі больш парушаць закон.

– Што Вы робіце, калі прыходзіце ў залу суда і разумееце, што чалавека проста шкада, і нічога з сабой зрабіць не можаце?

– Бывае такое. Але суддзя не можа зыходзіць з чалавечых пачуццяў. Ён можа кіравацца толькі законам. Нават сваім знешнім выглядам нельга паказваць, што ты камусьці аддаеш перавагу альбо выказваеш сімпатыю.

У нас на самой справе невысокая адмена і крымінальных, і адміністрацыйных спраў.

Якім, на Ваш погляд, павінен быць сапраўдны суддзя?

– Суддзя павінен быць універсалам – ведаць і тэхніку бяспекі, і правілы дарожнага руху, і шмат інш. Суддзя павінен ва ўсім умець разабрацца. Першапачаткова неабходна вывучыць заканадаўства па гэтай тэме, а пасля ўжо выходзіць да людзей і прымяняць свае веды на практыцы.

А яшчэ суддзя павінен быць добрым. Ён проста не можа такім не быць. Таксама ён павінен адрозніваць добрае ад дрэннага, мець чуласць і ўважлівасць да людзей, да іх клопатаў.

Гутарыла Настасся Занько.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *