Вызваліцелям, героям, пераможцам!

З кожным годам усё далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якія вогненнай смерцю праляцелі па нашай шматпакутнай зямлі. Побач з намі жывуць героі, якія, не шкадуючы жыцця, набліжалі Вялікую Перамогу. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Веніямін Дацкевіч, жыхар вёскі Патрыкі,  у складзе II Беларускага фронту дайшоў да самага Берліна.

У армію я пайшоў у 1944 годзе, і, хоць вывучыўся на зенітчыка, ваяваць давялося на 120-міліметровым мінамёце, – успамінае Веніямін Ігнацьевіч. – Засвоіў новыя ваенныя спецыяльнасці. Як зараз помню, асколачна-фугасная міна важыла 16 кілаграмаў. Але і біла гэтая зброя. Таму гітлераўцы заўсёды пільнавалі нашы пазіцыі і пастаянна намагаліся “накрыць” прыцэльным агнём.

Адзін за другім у памяці ветэрана ўсплываюць моманты той страшнай вайны: як падчас фарсіравання Віслы немцы, прадчуваючы хуткі разгром,  білі па байцах з усіх магчымых калібраў, як лілася кроў яго сяброў… Як аднойчы ў дом, дзе ён планаваў заначаваць і толькі дзякуючы шчасліваму выпадку спыніўся ў іншым месцы, трапіў варожы снарад. Аднак былі і іншыя моманты – шчырай радасці і сапраўднага шчасця.

– Здарылася так, што нас, трох братоў, разлучыла вайна. Цімафея пагналі ў Германію, Іван служыў артылерыстам, я – мінамётчыкам, – успамінае ветэран. А лёс наканаваў так, што сустрэліся ўсе якраз ў разгромленым Берліне – мы з Іванам, што называецца, дайшлі сваім шляхам, а Цімафея вызвалілі саюзнікі. Так Перамога аб’яднала і нашу сям’ю, і ўвесь наш народ.

Напярэдадні Дня Перамогі у госці да Веніяміна Ігнацьевіча мы завіталі разам са старшынёй Хідрынскага сельвыканкама Пятром Назаруком і педагогам-арганізатарам Пескаўскай сярэдняй школы Вікторыяй Марчук. Шчырыя словы падзякі, прыгожыя вершы і памятныя падарункі, падрыхтаваныя вучнямі, зрабілі гэты сонечны майскі дзень яшчэ больш цёплым і радасным. Пакуль дзеці ведаюць слаўную гісторыю і з пяшчотай ставяцца да тых, хто яе ствараў, пакуль у іх сэрцах жыве памяць і гонар за гераічную мінуўшчыну, пакуль моладзь расце на запаветах бацькоў і дзядоў, не згасне адвечная сувязь пакаленняў, якая з’яўляецца моцным падмуркам дзяржаўнасці.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

На здымку аўтара: Веніямін Дацкевіч прымае віншавані ад Викторыі Марчук і вучняў Пескаўскай сярэдняй школы.