Прогноз погоды
Ср, 02 июля 2025

«Портал» в средневековье

14/10/2015

…З-за павароту Мухаўца па ціхай гладзі вады спачатку паказалася драўляная галава дракона, а за ёй – і ўся дзевяцімятровая лодка – слейпнір, або дракар (скандынаўскія назвы), абвешаны драўлянымі шчытамі па бартах і веслярамі ў ільняных кашулях, футравых шапках і з мячамі. Пад удары барабана і каманды капітана “Раз! Два! Сушы вёслы” незвычайнае судна падплыло да берага аграсядзібы  Алы і Сяргея Палікарпук “На Зарэчнай вуліцы”. З берага данесліся апладысменты, пад якія пасажыры і весляры незвычайнага судна ступілі на зямлю.
Гасцям, сярод якіх былі гаспадары іншых аграсядзіб, прадстаўнікі арганізацый горада, рамеснікі Вячаслаў Дародзька і Уладзімір Чыквін, якія дапамаглі стварыць незвычайны выгляд лодкі, і карэспандэнт “КВ”, было прапанавана праехацца. Уражанні сапраўды незвычайныя. Незвычайныя ад таго, што на такой лодцы плывеш упершыню, яна нібыта пераносіць у часы ранняга сярэдневякоўя і здаецца, вось-вось з-за павароту Мухаўца з’явяцца праціўнікі, ад якіх воіны-весляры будуць адбівацца мячамі і прыкрывацца драўлянымі шчытамі…
Гэта быў тэставы заплыў слейпніра, пасля якога мы распыталі ў гаспадара аграсядзібы, адкуль жа ўзялася ідэя стварэння такой лодкі і як яна ажыцявілася.
- Некалькі гадоў таму я быў у Польшчы і паглядзеў, што Эльблонскі канал, ад якога нічым не адрозніваецца наш Мухавец, уключаны ў турыстычную дзейнасць. Пасля гэтага стала выношвацца ідэя стварыць штосьці незвычайнае, што магло б прыцягнуць турыстаў і ў нас. На той момант, а гэта быў 2011 год, мы ўжо сябравалі з удзельнікамі ваенна-гістарычнага клуба “Перунова кола”, якія расказалі, што на святах у скандынаўскіх краінах бачылі такія незвычайныя лодкі.
Ідэя спадабалася, але для яе рэалізацыі патрэбны былі канкрэтныя сродкі. Склалася так, што дысцынацыя “Муховэцька кумора”, у якую ўваходзіць аграсядзіба, выйграла міні-гранд праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, які рэалізоўваўся ПРААН.
Але наяўнасць грошай не азначала хуткае з’яўленне на свет лодкі – толькі на ўзгадненне ўсіх неабходных папер пайшло дзевяць месяцаў, у той час як сама лодка была зроблена меней чым за тры.
- Працэс быў доўгі і карпатлівы, – дзеліцца з намі Сяргей Уладзіміравіч. – Спачатку на паперу былі нанесены чарцяжы, пасля ў маштабе вылічваліся неабходныя памеры. Быў зроблены пласцікавы каркас, яго абівалі дрэвам – сасной. Але гэта было не проста: неабходна было загінаць драўніну, для гэтага вымочваць яе ў гарачай вадзе. Каб лодка не працякала, унутры дрэва прамазвалі гарачым ільняным тэхнічным маслам. На такую апрацоўку пайшло каля 30 літраў. Звонку судна пакрыта спецыяльным яхтавым лакам, умяшчае лодка дванаццаць пасажыраў. Хачу дадаць, што гэта не рэканструкцыя, а менавіта імітацыя старадаўняга судна.
Пра планы выкарыстання слейпніра Сяргей Палікарпук расказаў, што пачынаючы з наступнага года, прагулкі на незвычайнай лодцы будуць уваходзіць у туры выхаднога дня і квесцінгавыя маршруты. А паколькі сезон навігацыі ўжо закрыты, гаспадары падумваюць будаваць ангар і прычал.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара

Поделиться в соцсетях: