Волшебство “На Заречной улице”.

Зусім невыпадкова на гэтым фотаздымку ўладальнікі аграэкасядзібы “На Зарэчнай вуліцы” Сяргей і Ала Палікарпук трымаюць каля святочнай ёлкі арыгінальныя маскі ката і дракона з пап’е-машэ. Справа ў тым, што ў гэтай сям’і існуе цудоўная традыцыя. Напярэдадні навагодніх святаў дачка Марына сваімі рукамі стварае маскарадныя касцюмы і наладжвае сапраўднае шоу з удзелам шматлікіх гасцей. Заўсёды сюды з’язджаюцца сем’і ў асноўным з Масквы і Санкт-Пецярбурга, якія высока цэняць якасны сэрвіс беларусаў.

– Ведаеце, навагодняя ноч у нашай сядзібе ніколі не падобная адна на адну, – адзначае  Ала Палікарпук.- Мы заўсёды імкнемся падрыхтаваць непаўторную культурную тэматычную праграму, якая б задаволіла ўсе патрэбнасці адпачываючых. З ахвотай, напрыклад, расіяне ўдзельнічаюць у экскурсійных турах па славутых мясцінах Брэстчыны. Асабліва ім падабаецца візіт у Белавежскую пушчу і спатканне з сапраўдным Дзедам Марозам і Снягуркай. За святочным сталом праводзяцца шматлікія дэгустацыі страў і напояў беларускай кухні, якія гаспадыня гатуе сама.

Усе святы адзначаюцца ў сядзібе цікава. Ала Палікарпук аднавіла старажытныя беларускія традыцыі, якія ладзіла яе бабуля. На Каляды тут распачынаюцца дзівосныя дзеі. Доўгі стол высцілаецца сенам, а потым накрываецца палатняным абрусам. Гасцям прапануецца дванаццаць посных страў, кожную з якіх  абавязкова неабходна паспытаць. А калі на небе запальваецца першая зорка – уносяцца і мясныя прысмакі. Потым госці варожаць на рысавай крупе. Калі колькасць крупінак будзе цотнай – значыць, год будзе добрым. Таксама варожаць на гарачым воску, які выліваецца ў ваду, а потым па тых выявах, што ўтварыліся, вызначаецца, што чакае гасцей у бліжэйшай будучыні.

Сёлета аграэкасядзібу наведвалі госці з розных  краін свету – Аўстраліі, Новай Зеландыі, Бангладэш  і інш. І кожны з турыстаў адкрывае для сябе цуды беларускай зямлі і людзей, якія тут жывуць.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Ала і Сяргей Палікарпук з усходнімі сімваламі 2011 года і новага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *