Жалоба жительницы Кобринского района по поводу высокого напряжения в сети не подтвердилась.

У лістападзе ў працэсе асабістага прыёму грамадзян да старшыні райвыканкама Мікалая Кенды звярнулася жыхарка в. Ягалкі, якая  скардзілася на павышанае напружанне электратока ў яе праводцы. Як толькі суседзі карыстаюцца электрычнасцю, паведамляла жанчына, псуецца бытавая тэхніка, а “…лічыльнік пачынае хутчэй круціцца, за што ў выніку прыходзіцца пераплачваць”. Супрацоўнікі Кобрынскага раёна электрасетак РУП “Брэстэнерга”, Кобрынскай энергаінспекцыі, РАНС і рэдакцыі газеты “Кобрынскі веснік” выехалі на месца, каб разабрацца ў сітуацыі.


Галоўны інжынер Кобрынскага раёна электрасетак Вячаслаў Багдановіч канстатаваў, што напружанне на трансфарматарнай падстанцыі ў в. Ягалкі і ў доме заяўніцы на момант  маніторынгу не перавышала максімальна дапушчальных параметраў і складала 230 вольт. Лічыльнік у доме жанчыны аказаўся таксама ў норме. Яго паверка ажыццяўлялася паводле існуючых планаў у 2011 годзе.

Бытавая тэхніка, якая, маўляў, “гарэла” ад высокага напружання, аказалася звычайным старэнькім чорна-белым тэлевізарам з тоўстым слоем пылу на мікрасхемах. А недагледжаная тэхніка можа сапсавацца ў любы момант.

Між тым, грамадзянка перыядычна дапускае запазычанасць па разліках за электрычную энергію. У незадавальняючым стане знаходзяцца ўнутраная электраправодка і пячное ацяпленне. Такая легкадумнасць – патэнцыяльная небяспека для жыцця і здароўя. І недарэмна намеснік начальніка Кобрынскага РАНС падпалкоўнік унутранай службы Валерый Суботка ўстанавіў у гэтым доме пажарны апавяшчальнік.

Інспектар Кобрынскай энергаінспекцыі Віктар Гацялюк паведаміў, што ў выпадку, калі грамадзянка з в. Ягалкі не пакрые запазычанасці перад дзяржавай за скарыстаную электраэнергію, то адпаведныя службы будуць вымушаны адключыць электраэнергію ў доме. Дарэчы, летам такая крайняя мера прымянялася. Каб не здарылася вялікай бяды, заяўніцы неабходна тэрмінова выправіць усе адзначаныя недахопы, а не шукаць “корань зла” у суседзяў ці ў правамернасці дзеянняў адказных службаў.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Вячаслаў Багдановіч (справа) і Віктар Гацялюк у час замеру напружання на трансфарматарнай падстанцыі ў в. Ягалкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *