86-гадовая Яўгенія Кузьміч доўгі час працавала медыцынскім работнікам у Кобрынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Калектыў не забывае былую калегу і наведвае яе. Напярэдадні Вялікадня дапамаглі ёй ускапаць агарод і пасадзіць бульбу. У час таго візіту пазнаёмілася з Яўгеніяй Аляксадраўнай – малалетнім вязнем Вялікай Айчыннай вайны, медыкам-афіцэрам, і карэспандэнт “КВ”.
Пакуль работнікі дома-інтэрната шчыравалі рыдлёўкамі на невялічкім агародзе, бабуля расказала пра сваё ваеннае дзяцінства:
- Чым запомніўся пачатак вайны? Тым, што немцы спалілі зусім новенькую школу ў маёй роднай вёсцы Падбельскія Агароднікі, што на Камянеччыне. Бацька з пачатку вайны стаў дапамагаць партызанам. Потым усю сям’ю вывезлі на прымусовыя работы. Мы доўгі час жылі амаль у чыстым полі на тэрыторыі Польшчы, чакаючы свайго лёсу. Потым нас адправілі ў Кёнігсберг, куды прыязджалі нямецкія фермеры, каб купіць работнікаў на свае падворкі. Мне вельмі запоўніўся той пляц. На нас віселі шыльды: дзеці – 5 марак, дарослыя – 10 марак. Усіх нас было пяцёра.
Купіў яе сям’ю заможны немец, які на сваім падворку трымаў вялікі статак кароў і іншай жывёлы. Гаспадарку даглядала не толькі сям’я Яўгеніі Аляксандраўны, але і іншыя вязні з Украіны, Польшчы.
- Адзін аднаму стараліся дапамагаць. Жылі мы ў хляве. Я даглядала птушку, бацькі даілі кароў. Мяне падкормлівала ўкраінка, якая мела доступ да прадуктаў, - раз-пораз Яўгенія Аляксандраўна перарывала размову і выцірала слёзы.
Запомніла Яўгенія Кузьміч, як бамбілі іх паселішча. Гаспадары пагрузілі сваю маёмасць, забралі работнікаў і адправіліся ў Кёнігсберг.
- Бамбілі і там. Немцы паразбягаліся хто куды, кінуўшы нас. Пачаўся наш няпросты шлях дадому, – успамінае бабуля.
Асабліва ўрэзалася ў памяць гісторыя пра тое, як маці “размініравала” поле.
- Мы ехалі на падводзе, як раптам разарвалася міна. Каня адкінула, бацьку прыціснула ногі. Як прыйшла ў свядомасць, маці ўважліва агледзела дарогу. Метр за метрам павольнай хадою мы рухаліся наперад. Вышэйшыя сілы дапамаглі пераадолець замініраванае месца. На шляху мы сустрэлі паляка, які нас падабраў і на некалькі месяцаў забраў да сябе. З яго дапамогай адправілі ў шпіталь бацьку, ён даставаў нам харчовыя карткі, – успамінае Яўгенія Аляксандраўна.
Вярнулася сям’я, як кажуць, у чыстае поле. З галін і саломы зрабілі шалаш, у якім жылі, пакуль бацька, які застаўся на мыліцах, не збудуе зямлянку…
Зусім другі настрой быў у бабулі, калі яна расказвала пра пасляваеннае жыццё. Атрымаўшы ў Брэсце адукацыю фельчара-акушэра, трапіла на работу ў Пецькі, дзе і сустрэла свайго мужа, які служыў мараком, а на адпачынак прыехаў дадому. Пасля былі спатканні ў кобрынскім парку і штодзённыя лісты з паходаў…
- Ох, я ў Пецьках і закахалася! – смяецца бабуля, расказваючы пра дарагое яе сэрцу замужжа.
І зараз яе вочы гараць, калі згадвае пра мужа. Добра яна помніць пра тое, як пераехалі ў свой дом, у якім яна жыве і зараз. З любоўю паказвае фотаздымкі ўнучкі, якая, хоць і жыве за мяжой, але не забывае пра бабулю.
Некаторы час Яўгенія Кузьміч жыла ў сына ў Мінску, але родны дом цягнуў, таму вярнулася назад у Кобрын.
За цікавай размовай хутка прабег час, работнікі паспелі ўскапаць агарод - бабуля даўно ўжо распланавала, што і дзе пасадзіць – рукі не могуць без працы, а душа не можа без успамінаў, нават, калі яны не заўсёды светлыя.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: