Сёлета традыцыйная цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2010 года” Кобрынскага раёна, якая адбылася ў мінулы чацвер у райвыканкаме, адкрыла нямала новых імёнаў. Безумоўна, тэндэнцыя станоўчая. Гэта адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Алег Кузіч. Ён паведаміў, што на пачатак года на Кобрыншчыне налічвалася 2668 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. За пяцігодку агульная колькасць прадстаўнікоў бізнес-асяроддзя павялічылася ў 1,4 раза, зарэгістравана 464 камерцыйныя арганізацыі. На тэрыторыі раёна дзейнічаюць 47 прадпрыемстваў з доляй замежных інвестыцый, пераважна гэта польскі і нямецкі капітал. Асноўны від дзейнасці - вытворчасць. Летась прыватнікамі было створана 1525 новых працоўных месцаў, што склала 120% да выканання адпаведнага гадавога задання. Кобрыншчына - рэгіён са спрыяльнымі ўмовамі і для вядзення сельскагаспадарчага бізнесу. Тут ажыццяўляюць дзейнасць 50 сялянска-фермерскіх гаспадарак, за якімі замацавана 1878,3 га зямлі. Усяго ж фермеры раёна рэалізавалі прадукцыі на суму 3172,5 млн. рублёў.
У цырымоніі ўзнагароджвання прадпрымальнікаў таксама прымаў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля, які адзначыў, што кіраўніцтва дзяржавы надае асаблівую ўвагу падтрымцы бізнес-сектара. І яркі доказ таму - чарговая Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 4 ад 31 снежня 2010 года, якая прызвана развіваць прадпрымальніцкую ініцыятыву і стымуляваць дзелавую актыўнасць.
У той дзень кветкі і дыпломы народны выбраннік уручыў лепшым прадстаўнікам бізнесу. Лепшым прадпрымальнікам у сферы вытворчасці спажывецкіх тавараў стала СТАА “Кьюта”, якім кіруе Анатоль Барысюк, прадпрыемства працуе з 2008 года і займаецца вырабам панчошна-шкарпэтачнай прадукцыі, асартымент якой налічвае 15 артыкулаў.
Лепшым у сферы вытворчасці тавараў вытворчага прызначэння прызнана СТАА “ВЕЛПАК” на чале з Андрэем Безе. Прадпрыемства вырабляе гафрыраваную тару любой складанасці і высокай якасці.
Звання “Лепшы прадпрымальнік у сферы грамадскага харчавання і вытворчасці прадуктаў харчавання” ўдастоіўся дырэктар ПУГВП “Нашы вытокі” Сяргей Амельянчук, які адкрыў дзве піцэрыі “Дыскаверы” па вул. Настасіча і ў завулку Паліграфічным.
Лепшы прадпрымальнік у сферы медыцынскай дзейнасці – ПГВУП “Дэка-Фарм” на чале з Кірылам Падгурскім. Прадпрыемства рэалізуе лекі ў аптэцы па вул. Суворава. Таксама Кірыл Мікалаевіч з’яўляецца адным з заснавальнікаў ПСУП “Дэка-Плюс”, дзе прадастаўляюцца стаматалагічныя паслугі.
Дырэктар фірмы СП “Калор” ТАА Іван Заноўскі ўзнагароджаны дыпломам пераможцы ў намінацыі “Лепшы прадпрымальнік-арганізацыя з замежнымі інвестыцыямі”. Тут займаюцца вырабам водна-дысперсійных фарбаў, фарбавальнікаў, грунтовак, дэкаратыўнага тынку і інш.
Лепшай сялянскай (фермерскай) гаспадаркай стала “Вілія-агра” (кіраўнік Васіль Новік). Летась Васіль Васільевіч распачаў справы яшчэ і ў сваёй аграэкасядзібе “Студзінка”, адкрыў кафэ “Гаспадар”.
Лепшым прадпрымальнікам у сферы аказання паслуг стала прыватнае вытворча-будаўнічае прадпрыемства “АканітПлюс” на чале са Станіславам Куржэевым. Асноўны від дзейнасці – вытворчасць пластыкавых вокнаў.
Лепшым арганізатарам новых працоўных месцаў сярод прадпрымальнікаў і лепшым бізнесменам ў сферы будаўнічай дзейнасці стала ПБУП “Рамсантэхбуд” (дырэктар Валерый Валасюк), галоўны вектар якога - агульнабудаўнічыя работы. Прынамсі, гэта адзінае прыватнае прадпрыемства ў Кобрынскім раёне, якое займаецца будаўніцтвам шматкватэрных жылых дамоў.
Лепшым прадпрымальнікам-мецэнатам празнана СТАА “ВП Палессе” (кіраўнік Андрэй Гольцман). Толькі за 2010 год гэтай буйной фірмай пералічана ў сацыяльныя ўстановы Кобрыншчыны больш за 245 мільёнаў рублёў.
Лаўрэатамі конкурсу таксама прызнаны фермерская гаспадарка “Спаравец” (кіраўнік Сяргей Спаравец), ІП Уладзімір Гопша, які аказвае фотапаслугі, і ПУВГП “Шклаліт” (дырэктар Аляксандр Мароз), якое спецыялізуецца на вырабе шклопакетаў і пластмасавай прадукцыі.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: