З Фёдарам Байдоўскім я пазнаёміўся ў жніўні 2009 года ў бальніцы – нас аб’яднала цяжкая хвароба. Але мы не здаваліся. Калі адчувалі сябе лягчэй, доўга вялі размовы пра жыццё.
Так я даведаўся, што мой новы сябар родам з вёскі Корчыцы Кобрынскага раёна. Там закончыў дзе-сяцігодку. Марыў пра музыку, таму паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча. Але хвароба не дазволіла яго закончыць. Пасля вяртання ў родную вёску Фёдар Міхайлавіч уладкаваўся загадчыкам мясцовага клуба. І моладзь, і жыхары старэйшага пакалення паважалі энергічнага хлопца.
Я заўважыў, што Фёдар Міхайлавіч часта ў размове выкарыстоўваў паэтычныя вобразы, цытаваў урыўкі з вершаў Уладзіміра Маякоўскага, Мікалая Някрасава. Мяне як паэта гэта зацікавіла, таму я і спытаў, ці не піша ён часам вершы. На што той усміхнуўся, памаўчаў з хвіліну і сказаў: «Спрабую пісаць. Нікому пакуль што не паказваў, толькі ў сшытак усё занатоўваю».
Паведаміўшы суразмоўцу, што таксама пішу вершы і нават выдаў ужо зборнік на беларускай мове «А я веру», папрасіў яго прачытаць што-небудзь з напісанага.
Фёдар Міхайлавіч працягнуў аркуш паперы са сваімі творамі. Прачытаўшы адзін з вершаў, я даў сваю ацэнку: «Вы добра валодаеце паэтычным словам. Пішыце далей. Не саромейцеся паказваць свае творы сябрам, дасылайце ў газеты». Пасля, як больш вопытны ў паэтычнай справе, даў яму некалькі парад, галоўная з якіх: пісаць трэба так, каб словам у вершы было цесна, а думкам – прасторна».
З таго часу прайшло дзесяцігоддзе. І вось нядаўна мне патэлефанаваў Фёдар Міхайлавіч. Я вельмі быў рады пачуць яго. Ён расказаў, што добра помніць нашу размову ў бальніцы. Дзякаваў за падтрымку. Паведаміў і пра сваё нялёгкае жыццё, што застаўся ён адзін у хаце, з цяжкасцю рухаецца. Але паэзія і сябры не даюць яму сумаваць і ўпасці духам. А потым прачытаў мне свой новы верш, верш, які заслугоўвае таго, каб яго пачулі і чытачы газеты. Я ж хачу пажадаць Фёдару Міхайлавічу шчаслівай дарогі на паэтычнай ніве, а значыць новых цікавых вершаў і здароўя для іх стварэння.
Леанід ГЛУШКО.
Поделиться в соцсетях: