Праверка складанай справай

Здавалася, гэта было толькі ўчора. Кожную дробязь таго напружанага працоўнага перыяду малады інжынер-канструктар ААТ “Кобрынаграмаш” Сяргей Кандрацюк запамятаў на ўсё жыццё.

Штодзённа экран манітора службовага камп’ютара выдаваў складаныя трохмерныя схемы, мадэлі і графікі. Кіраўніцтва прадпрыемства паставіла перад спецыялістам адказную задачу – літаральна з “чыстага ліста“ распрацаваць праектную дакументацыю і чарцяжы прэс-формы для ахоўных чахлоў (адзін з кампанентаў трактарных жгутоў), якая б адпавядала ўсім патрабаванням якасці і надзейнасці, а таксама давала магчымасць выкарыстоўваць яе на заводскім абсталяванні. Гэта дазволіць з’эканоміць сродкі і знізіць сабекошт прадукцыі.

Хваляванні, сумненні, смелыя рашэнні і максімальная канцэнтрацыя далі свой плён. У выніку прэс-форма Сяргея Кандрацюка была зацверджана кіраўніцтвам прадпрыемства і выраблена прафесіяналамі інструментальнай групы, якія ўклалі ў работу, як гаворыцца, душу і сэрца, яна паспяхова функцыяніруе і па сённяшні дзень.

Роля тэхнічнага аддзела ў вытворчым працэсе ААТ “Кобрынаграмаш”, без перабольшання, – адна з самых важных. Работы хапае. Сусветны фінансава-эканамічны крызіс унёс свае пэўныя карэктывы ў жыццё прадпрыемства. Заказаў ад айчынных вытворцаў сельгастэхнікі стала меней. У выніку даводзіцца шукаць іншыя магчымасці для ўтрымання трывалых пазіцый ў бізнэс-асяроддзі краіны. Паступова адбываецца працэс пераарыентацыі вытворчасці. Цяпер на прадпрыемстве асвоены выпуск якасных электрычных будаўнічых і сілавых правадоў, якія карыстаюцца попытам сярод спажыўцоў. А гэта вялікі аб’ём работы для інжынераў-канструктараў.

Сяргея Кандрацюка не спыняюць цяжкасці ў рабоце. Пры гэтым усебаковую дапамогу яму аказваюць дырэктар ААТ “Кобрынаграмаш” Іван Мароз, галоўны інжынер Сяргей Карпеш і інш. Малады чалавек з’яўляецца членам пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” на прадпрыемстве і заўсёды прымае актыўны ўдзел у культурна-масавых мерапрыемствах. Такое ж насычанае на падзеі жыццё ў яго было і ў ВНУ. Ён неаднаразова прымаў удзел у рэспубліканскіх алімпіядах па тэарэтычнай механіцы і ў складзе каманды Брэсцкай вобласці заняў другое месца, быў запрошаны на баль для адоранай моладзі з удзелам Прэзідэнта краіны.

Хлопец з’яўляецца актыўным карыстальнікам сеткі інтэрнэт, аматар камп’ютарных гульняў, заўзяты аўтамабіліст. Рамонт сваёй машыны Сяргей нікому не давярае.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *