Да працы – з павагаю, а да гасцей – з душою!

Буйнейшая фермерская гаспадарка Брэсцкай вобласці, выдатная аграэкасядзіба “Студзінка”, якая стала адной з візітных картак нашай Кобрыншчыны, цікавы міні-заказнік дзікіх жывёлін – і сапраўдны аазіс добраўпарадкавання, гаспадарлівасці і гасціннасці. Усё гэта – сялянска-фермерская гаспадарка “Вілія-Агра”, сямейная справа Васіля Новіка, яго жонкі і сыноў.


За дзесяць гадоў – у дзесяць разоў
Менавіта гэтакі шлях росту прайшла “Вілія-Агра” – гаспадарка, якая, нагадаем, пачыналася са 150 гектараў зямлі, адзінага трактара “МТЗ-80”, некальких цёлак – ды вялікай жыццёвай энергіі яе заснавальнікаў. Сёння, праз 10 гадоў, тэрыторыя разраслася ўжо да 1500 гектараў, ёсць уся неабходная сельскагаспадарчая тэхніка, 400 галоў жывёлы, 100 з якіх – дойнага статка, і нават сапраўдны заапарк у прыродных умовах.
Пачалася наша экскурсія менавіта з гэтага кутка дзікай прыроды – у гаспадарцы Васіля Новіка цудоўна сабе адчувае цэлы шэраг разнастайных звяроў. Весела памахваючы галавой, гасцей сустракаюць камунікабельныя поні, побач, у суседнім вальеры, насцярожана пазіраюць высакародныя алені і вытанчаныя лані, яшчэ далей дзелавіта рохкаюць дзікія кабаны ў акружэнні прывабных паласаценькіх парасятак… А нядаўна тут з’явілася нават самка яка – чорная, кудлатая і з вялікімі рагамі, але таксама вельмі сімпатычная. І, як адзначыў Васіль Новік, гэта яшчэ не канец.
– Зараз вядзем перагаворы па набыцці муфлонаў – дзікіх бараноў, – дзеліцца сваімі планамі Васіль Васільевіч. – Акрамя таго, плануем адкрыць ферму фазанаў з магчымасцю палявання. Аднак паляванне будзе не па прынцыпе мішэняў у ціры, а ва ўмовах, набліжаных да рэальнасці, – і паляўнічаму давядзецца прыкласці намаганні, каб знайсці ды пацэліць у птушку, якая таксама павінна мець шанс.
Ёсць у Васіля Новіка і коні. Як адзначае сам гаспадар, выдатна было б знайсці яшчэ і добрага канявода, які б любіў сваю справу ўсім сэрцам. Зараз распрацоўваюцца варыянты набыцця аўтэнтычных экіпажаў, якія таксама выдатна ўпісаліся б у агульны антураж сядзібы.
Паступова рухаюцца да рэалізацыі і іншыя цікавыя ідэі – напрыклад, рэканструкцыя на тэму партызанскага атрада, які ў гады Вялікай Айчыннай дзейнічаў у гэтых мясцінах. У прыватнасці, плануецца стварэнне маштабнай рэканструкцыі быту партызанскага лагера з зямлянкамі – у якіх пры жаданні можна будзе нават жыць і начаваць. Згадзіцеся, адпачынак атрымаецца не проста незвычайны, а па сутнасці ўнікальны. Ідэя ўжо выклікала вялікую зацікаўленасць замежных гасцей з Чэхіі, якія нядаўна наведвалі гаспадарку і сядзібу.


Натуральна, утульна – і смачна
Дарэчы, да пытанняў камфорту тут ставяцца з усёй магчымай увагай. Нядаўна набылі ўласны аўтобус “Неаплан” на 54 месцы, каб спрасціць дарожныя перыпетыі сваіх гасцей. Працягваюць першае ўражанне і апартаменты для турыстаў – камфортныя і ўтульныя нумары здольныя задаволіць самых капрызных кліентаў, усяго на сённяшні дзень у гасцінічным комплексе “Студзінкі” могуць размясціцца 35 чалавек. Акрамя таго, дзве вялікія залы на 200 і на 100 чалавек дазваляюць праводзіць практычна любыя мерапрыемствы самага рознага ўзроўню. Асобнай увагі заслугоўвае кухня – як падкрэсліў Васіль Новік, гасцей тут частуюць толькі тым, што вырошчваюць і вырабляюць самі. Усё натуральнае, карыснае – і, зразумела, вельмі смачнае. А можа, гэта таму, што гатуецца ўсё з добрым настроем…
Менавіта такі ж настрой пануе і ў тых, хто прыязджае ў “Студзінку” адпачываць. Як адзначае сам гаспадар, госці бываюць вельмі розныя – і з-за мяжы, і нашы суайчыннікі, вялікай папулярнасцю сядзіба карыстаецца ў наведвальнікаў усіх узростаў. Асабліва падабаецца дзецям, якіх проста не выцягнуць з амаль што прыроднага заапарка. А не так даўно “Студзінку” наведалі дэсантнікі з Брэста, якія прыехалі адзначыць Дзень ПДВ… Дарэчы, усё прайшло вельмі добра, душэўна і без усялякіх нечаканасцяў. Відаць, такая ўжо тут атмасфера – што кожнага настройвае выключна на добрыя справы. Выдатныя ўражанні застаюцца і ў “зорак” . Так, спявачка Ірына Круг, якой таксама давялося тут адпачываць, адзначыла з задавальненнем, што так добра ёй не спалася дагэтуль нідзе…
“Не проста паесці-папіць”
Шмат цікавага і ў наваколлі аграэкасядзібы. Адразу каля пад’езда гасцей сустракае млын-вятрак – якраз такі, якія ў вялікай колькасці стаялі па нашых вёсках стагоддзе-другое таму. Млын, дарэчы, аўтэнтычны – і з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю. Аднак нават не чытаючы таблічкі, адразу адчуваеш, што ўся мітусня нашага часу засталася недзе за плячамі, а наперадзе – толькі цішыня, спакой і адвечная гармонія. А побач пабудавана яшчэ і галубятня – з “паштовымі” галубамі і “трубачамі”, якія так дзіўна і прыгожа куляюцца ў паветры, дапаўняючы агульную атмасферу вясковай прыгажосці.
Недалёка ад будынка выкапана возера – зімой з благаславення свяшчэнніка тут праходзяць традыцыйныя вадохрышчанскія купанні, для чаго створаны спецыяльны памост. Ну а летам, як кажуць, па асабістым жаданні – ці купацца, ці лавіць рыбу – якой тут, між іншым, шмат, ці проста пазіраць на павольныя хвалі ды радавацца жыццю.

Апошняму садзейнічае і культурная частка адпачынку ў “Студзінцы” – вялікая ўвага ў гэтым плане ўдзяляецца мясцоваму фальклору.
– Спачатку былі сумненні, – успамінае Васіль Новік, – ці будзе цікава, напрыклад, тым жа гасцям з Масквы слухаць наш балоцкі і кобрынскі фальклор? Аднак першая спроба прайшла проста выдатна – шчырыя апладысменты пацвердзілі, што гэта на самай справе цікава і незвычайна. Сучасны ж аграэкатурызм – гэта не проста “паесці-папіць”, гэта – наша своеасаблівая візітная картка, і падыходзіць да ўсяго гэтага трэба вельмі грунтоўна.
Словы не разыходзяцца са справамі – як паведаміў нам Васіль Новік, ёсць задумкі на будучыню і ў накірунку захавання нашай культурнай спадчыны. Так, у планах – стварэнне пры сядзібе музея нашай мінуўшчыны, у якім госці змогуць пазнаёміцца з прыладамі працы і бытам нашых продкаў, з рамёствамі і традыцыямі.
Зразумела, усё гэта – толькі невялікая частка ўсіх уражанняў пасля нашага візіту да Васіля Новіка. Дзіўна, але пасля нашай экскурсіі па гэтым кутку гаспадарлівасці мы нават не стаміліся – наадварот, усё цела перапаўняла чыстая, светлая энергія, а думкі самі сабой настройваліся на пазітыўны лад. Да пабачэння, “Студзінка”, – і да наступнай сустрэчы!
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *