Спартыўны марафон педагогаў

Прапаганда здаровага ладу жыцця – неабходная і неадрыўная частка школьнай адукацыі. Аднак, згадзіцеся, адна справа – проста гаварыць аб гэтым самым здаровым ладзе, і зусім іншая – весці яго самому, на асабістым прыкладзе дэманструючы эфектыўнасць ідэй, аб якіх расказваеш дзецям. Выдатным прыкладам гэтага сталі фінальныя спаборніцтвы чарговай, 19-й раённай спартакіяды работнікаў сістэмы адукацыі, якая прайшла нядаўна на базе Кобрынскай КСДЮШАР.


– Гэта – магчымасць паказаць важнасць і неабходнасць здаровага ладу жыцця на асабістым прыкладзе, проста прысвяціць час свайму здароўю, – адзначыла начальнік аддзела адукцыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Радковіч. – Вельмі прыемна, што ў нашых педагогаў словы не разыходзяцца са справамі і што ў педагагічным асяроддзі весці здаровы лад жыцця – папулярна і прэстыжна.
Шчыра прызнацца, перад выездам на спартакіяду мне чамусьці здавалася, што абсалютную большасць удзельнікаў там будуць складаць настаўнікі фізкультуры. Аднак першыя ж знаёмствы прыемна здзівілі – прыняць удзел у спартакіядзе прыйшлі і фізікі, і матэматыкі, і інфарматыкі, і псіхолагі, і кіраўнікі навучальных устаноў – усіх не пералічыць.


Яна ШАПЯЦЮК,
педагог-псіхолаг Астроміцкай СШ:
– Захапленне валейболам прыйшло разам з работай у школе. Менавіта па гэтай дысцыпліне сёння і буду выступаць на спартакіядзе. Гэта цікава і карысна.
Віталь ПУЧЫК,
кіраўнік спартыўных секцый Стрыгаўскай СШ, пенсіянер:
– Спорт – гэта здароўе, гэта энергія ў любым узросце. І, безумоўна, спорт сёння патрэбен як нашым вучням, так і педагогам – проста для таго, каб выдатна сябе адчуваць і глядзець на жыццё з аптымізмам.
Аляксандра КАЛІНОЎСКАЯ,
выкладчык нямецкай мовы Залескай СШ:
– Яшчэ са школы любіла настольны тэніс, удзельнічала ў спаборніцтвах. Работа ў школе пакідае не так ужо шмат асабістага часу, а такія мерапрыемствы не толькі служаць добрым прыкладам нашым вучням, але і ўмацоўваюць адносіны ў калектыве.
Справу па душы ў гэты дзень знайшлі для сябе аматары самых розных відаў спорту – у спартыўнай зале абменьваліся падачамі валейбалісты, на другім паверсе шпарка лёталі тэнісныя шарыкі, за дошкамі абдумвалі чарговыя хады прыхільнікі шахмат і шашак. Па агульнакамандных выніках раённай спартакіяды лепшымі па валейболе сталі спартсмены з СШ № 8, па шашках – СШ № 2, па шахматах першае месца ў каманды СШ № 9, у настольным тэнісе мацнейшымі былі спартсмены са Стрыгаўскай сярэдняй школы. Аднак на гэтым спартыўны марафон для педагогаў не скончыўся – на другі дзень на базе КСДЮШАР прайшлі абласныя занальныя спаборніцтвы супрацоўнікаў сістэмы адукацыі па валейболе. З задавальненнем адзначым, што кабрынчане паказалі сябе з найлепшага боку і занялі першае месца.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *