Кобрын і Ціхарэцк: Будзем супрацоўнічаць!

Жыць у міры і дружбе – вялікая справа, якая, на жаль, не так ужо часта атрымліваецца нават у самых блізкіх суседзяў. У сувязі з гэтым асабліва прыемна бачыць, як набірае абароты развіццё сувязяў Кобрынскага раёна за межамі нашай краіны. Чарговым доказам гэтаму стаў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве, які ва ўрачыстай атмасферы ўручыў старшыні райвыканкама Аляксандру Зазулі кіраўнік спраў адміністрацыі Ціхарэцкага раёна Краснадарскага края Расійскай Федэрацыі Алег Анціфееў.


– Яшчэ пачынаючы з моманту, калі я ўпершыню ехаў на Кобрыншчыну ў цягніку, мне стала зразумела; мы на самай справе брацкія народы, – падзяліўся сваімі ўражаннямі Алег Анціфееў. – Гэта праяўляецца ў разуменні паміж людзьмі, у агульнасці інтарэсаў і імкненняў. І я ўпэўнены, што паміж намі проста не павінна быць ніякіх непаразуменняў. Што ж датычыцца непасрэдна горада Кобрына, то, прызнаюся шчыра, я быў вельмі ўражаны вашым узроўнем добраўпарадкавання і тым, як многа ў вас робіцца дзеля дабрабыту людзей.
Як адзначыў пасля ўрачыстай перадачы дагавора старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, безумоўна, падобныя адносіны неабходна падтрымліваць і развіваць, прычым як у сацыяльнай, так і у эканамічнай галіне. Дарэчыі, пасля сустрэчы Алег Анціфееў атрымаў прапанову пазнаёміцца з вытворчым патэнцыялам Кобрыншчыны, каб у будучыні распрацаваць далейшыя магчымасці супрацоўніцтва на больш шырокім узроўні ўзаемадзеяння. У канцы мерапрыемства кіраўнік спраў Ціхарэцкага раёна ўручыў старшыні Кобрынскага райвыканкама запрашэнне прыняць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню 90-годдзя Ціхарэцкага раёна і 140-годдзя горада Ціхарэцка, якія пройдуць у чэрвені.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *