Никас Сафронов: “Творчество способно объединять народы”

Візіт знакамітага расійскага мастака Нікаса Сафронава ў Беларусь з’яўляецца знакавай падзеяй. Пад патранатам генеральнага консульства Расіі ў г. Брэсце, Пасольства Расійскай Федэрацыі 3 чэрвеня ў мастацкім музеі Брэсцкай крэпасці адбылася яго персанальная выстава. Нікаса Сафронава віталі старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў, генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Мікіта Маткоўскі, прадстаўнікі ўлады і грамадскасці, творчай інтэлігенцыі дзвюх суседніх краін, моладзь.


На ўрачыстым адкрыцці выставы Канстанцін Сумар адзначыў пазітыўную дынаміку ў развіцці не толькі палітычных, эканамічных, але і культурных стасункаў паміж рэгіёнамі краін Мытнага саюза. І падобная імпрэза, падкрэсліў губернатар, з’яўляецца важным звяном у гэтых працэсах. Яна абагачае людзей духоўна, дае выдатную магчымасць далучыцца да высокага мастацтва. Канстанцін Андрэевіч ад усяго сэрца пажадаў Нікасу Сафронаву новых творчых здзяйсненняў, моцнага здароўя. Далучыліся да гэтых цёплых слоў Аляксандр Сурыкаў і Мікіта Маткоўскі.
Нікас Сафронаў трэці раз наведвае нашу краіну. Ён з задавальненнем прыняў запрашэнне Мікіты Маткоўскага прыехаць у Брэст. З асаблівым піетэтам мастак ставіцца да агульных старонак гісторыі ў летапісе дзвюх краін, у тым ліку і да подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Ён падзяліўся пазітыўнымі ўражаннямі аб Беларусі і яе жыхарах, адзначыў вялікі талент шматлікіх мастакоў Брэстчыны.
На выставе Нікас прэзентаваў гледачам нават па маскоўскіх мерках багаты спектр сваіх работ – семдзесят шэсць карцін, пятнаццаць з якіх – новыя. Некаторыя з іх былі пазычаны на час выставы з прыватных калекцый. У творчасці мастака прасочваецца шмат цікавых, арыгінальных тэм і ідэй, якімі ён натхніўся ў час творчых камандзіровак у Галандыю, Італію, Францыю, Бельгію і інш. Дарэчы, яго праца далёка не амбяжоўваецца толькі класічнымі партрэтамі вядомых палітыкаў, прадпрымальнікаў, “зорак” шоу-бізнесу. Дэманстраваліся нават творы, дзе вока майстра ўбачыла твары людзей у фрагментах кветкавых кампазіцый (“Кветкі для Пушкіна. Ларыса Удавічэнка” з серыі работ “Рака часу”) ці нават цэлых гарадоў – “Юнак, які нарадзіўся ва Фларэнцыі” і інш.
Выставу Нікаса Сафронава можа наведаць любы жадаючы да 14 ліпеня ўключна.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКАХ: Нікас Сафронаў, Канстанцін Сумар, Аляксандр Сурыкаў і Мікіта Маткоўскі ў час адкрыцця выставы; работы мастака.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *