В Кобринском районе начала работу новая станция обезжелезивания
У Новы год – з чыстай вадой
Менавіта такі святочны падарунак атрымалі жыхары вёскі Яромічы. Літаральна за некалькі дзён да Новага года тут была запушчана новая станцыя абеззалезвання вады – дарэчы, пабудаваная за ўласныя сродкі КУВП “Кобрынрайводаканал”. Патрэбнасць у ёй была вельмі вялікая – утрыманне жалеза ў вадзе з артэзіянскай свідравіны перавышала норму ў шмат разоў.
– Усяго будаўніцтва станцыі абышлося ў суму больш як 200 мільёнаў рублёў, – расказвае майстар участка водазабеспячэння Уладзімір Налівайка. – Будынак, у якім размясцілася станцыя, быў пабудаваны ПМК-16. Само ж абсталяванне і камунікацыі цалкам манціраваліся сіламі водаканала. Першыя ж пробныя пускі паказалі высокую эфектыўнасць станцыі, у хуткім часе будзе яшчэ ажыццёўлена прамыўка труб водазабеспячэння – і праблемы з якасцю вады ў вёсцы Яромічы будуць вырашаны.
Забяспечваюць чысціню вады на станцыі два фільтры. Пры дапамозе кампрэсара вада яшчэ абагачаецца кіслародам і паступае да спажыўцоў. Нягледзячы на даволі складаны ў фінансавым плане год, усе работы па будаўніцтве станцыі былі выкананы КУВП “Кобрынрайводаканал” вельмі аператыўна – за 2,5 месяца.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: майстар участка водазабеспячэння Уладзімір Налівайка (справа) і выконваючы абавязкі майстра ўчастка №4 Дзмітрый Газуха.