“Кобрынскаму весніку” – 80!

МЭТА – СЛУЖЫЦЬ ЧЫТАЧУ

Вялікі рускі класік заўважыў: па-сапраўднаму вялікае можна ацаніць толькі з цягам часу. “Кобрынскаму весніку” – 80! Усе гэтыя гады ён заўсёды разам са сваім надзейным сябрам і добрым дарадцам –  чытачом. І нашаму чытачу, напэўна, цікава, хто плануе “раёнку”, хто адказвае за яе эстэтычны выгляд,  што ўяўляе з сябе асоба, прозвішча якой стаіць пасля артыкула?  Я прапаную  пераступіць парог рэдакцыі і ціхенька паназіраць за тымі, хто мае дачыненне да стварэння газеты.

У кабінеце рэдактара – рабочая атмасфера. Галоўны рэдактар Раман Мельнік і адказны сакратар Людміла Дубіна актыўна абмяркоўваюць наступны нумар “Кобрынскага весніка”.  На пасадзе кіраўніка Раман Васільевіч шэсць гадоў, а здаецца, быццам не адзін дзясятак ужо за плячамі. Якасці дыпламата, прыроджаная інтэлігентнасць,  унутранае цвёрдае “я”, уменне слухаць, падтрымаць у складанай сітуацыі, даць слушную параду дапамагаюць яму не толькі ствараць  цёплую сяброўскую атмасферу ў калектыве, але і выдатна спраўляцца з шматлікімі грамадскімі абавязкамі як дэпутата Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і старшыні Кобрынскай РА РГА “Белая Русь”.

Людміла Дубіна – правая рука Рамана Васільевіча. Скрупулёзная, уважлівая, дапытлівая – ва ўсіх сэнсах адказная (чаго і патрабуе ад сваіх калег), пільна сочыць яна за ўсімі  этапамі стварэння новай  газеты, своечасова ўносячы свае карэктывы. А яшчэ  Людміла Міхайлаўна сама добра валодае мастацкім словам.  Калі выпадае вольная хвіліна, яе душа прагне творчага ўзлёту – рука цягнецца да паперы, каб думкі, якім мала месца ў сэрцы, выліць у вершаваны радок.

Прыадчынім дзверы ў сакратарыят. Тут свая атмасфера… Вельмі блізкая і зразумелая мне, бо тут і маё рабочае месца. Я б яе назвала атмасферай паразумення. Старшы аператар Людміла Рафаловіч – наш самы вопыт работнік. Больш за дваццаць гадоў яна верай і праўдай працуе на карысць роднай рэдакцыі. Поле дзейнасці спраўнай і руплівай Людмілы Аляксандраўны даўно ўжо выйшла за  рамкі яе  непасрэдных абавязкаў.

 Аператар вёрсткі і рэдактар сайта Дзмітрый Алізар у калектыве адносна нядаўна, але калегі і ўважлівы чытач адразу заўважылі і ацанілі яго дызайнерскія здольнасці і крэатыўны падыход да справы. Будучыня за інтэрнэт-прасторай – лічыць Дзмітрый, таму вядзе актыўную прапаганду  і прасоўванне “Кобрынскага весніка” ў сацыяльных сетках.

Пра работу старшага карэктара, якім я працую, скажу, што яна патрабуе не толькі ведання моўных правілаў, адчування аўтарскага стылю, але і вялікай канцэнтрацыі ўвагі. Можа, таму пасля напружанага працоўнага дня  мне, як асобе творчай, так хочацца пагрузіцца ў свет мастацкіх вобразаў?

За наступнымі дзвярамі мужчынскі барытон  упэўнена вядзе тэлефонны дыялог. Сярод сваіх калег-карэспандэнтаў – Дзмітрый Бялоў самы вопытны, і нават не таму, што яго стаж большы, чым у іх… Няма такой тэмы, якая б не паддалася востраму пяру Дзмітрыя і якую б ён не змог падтрымаць з субяседнікам. Сваім бясспрэчным аўтарытэтам ён здольны пазітыўна паўздзейнічаць нават на самага незгаворлівага і катэгарычнага ў сваіх меркаваннях апанента. 

Па добрую параду не саромеецца звярнуцца да вопытнага калегі і наш малады, але, безумоўна, вельмі таленавіты і перспектыўны карэспандэнт Ксенія Алізар.  Ксенія хутка расце і  ад тэста да тэкста шліфуе журналісцкае майстэрства, што дапамагае ёй з кожным разам пашыраць сваю чытацкую аўдыторыю.

Адкрытая і актыўная Людміла Пашковіч добра вядома не толькі сваімі артыкуламі на надзённыя і набалелыя тэмы, у якіх яна імкнецца дапамагчы чытачу знайсці праўду, але і па навінах на рэгіянальным радыё, дыктарам якога з’яўляецца, і па днях падпісчыка, дзе яна вядзе актыўны дыялог з людзьмі.

Працаздольнасці  карэспандэнта-прафесіянала і чалавека-перфекцыяніста Жанны Елізаравай можна толькі пазайздросціць. Няма такой планкі, якую б яна не змагла скарыць, няма такой вяршыні, да якой яна не захацела б дацягнуцца. Рух наперад – яе дэвіз па жыцці.

У пляядзе майстроў слова не хапае яшчэ аднаго карэспандэнта – Ганны Цімашук. Зараз яна выконвае адну з самых важных місій любой жанчыны – знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, але, сумуючы па рэдакцыі, часта наведвае сваіх калег і з нецярпеннем чакае, калі зможа зноў уліцца ў творчы працэс.

 У кабінеце галоўнага бухгалтара  Алены Белабрыўчык работы не менш. Хто, як не яна, ведае, як падняць настрой калектыву!  Ураўнаважаная і заўсёды пазітыўная, Алена Іванаўна ўмее своечасова разрадзіць напружаную атмасферу і перазагрузіць супрацоўнікаў на стваральную працу.

Адпраўляючыся на чарговае заданне, мы часам нават забываем, ці паведамілі свой маршрут вадзіцелю Васілю Сергіевічу. Добра, што ён таксама разумее сваіх калег з паўслова, як і пра тое, што ад яго аператыўнасці і вадзіцельскага майстэрства залежыць вынік запланаванай сустрэчы.

У той час, калі мы толькі збіраемся на работу, гэтая жанчына ўносіць ўжо апошнія акорды, каб стварыць для нас утульнасць. Цёплыя словы ўборшчыцы і кур’ера па сумяшчэнні Веры Якімук,  якімі з парога вітае яна супрацоўнікаў, сапраўды, настройваюць на добрую працу, мэта якой  выпуск чарговага нумара газеты.

Алена БАКУН.