“Залеская гамонка”: 25 гадоў са званнем “народны”
2 снежня ў зале Залескага цэтра культуры і вольнага часу было асабліва ўтульна – тут сабраліся былыя і сённяшнія ўдзельнікі і прыхільнікі творчасці мясцовага народнага аматарскага калектыву “Залеская гамонка”, які сёлета адзначыць 25-годдзе з часу прысваення калектыву звання “народны”.
Гісторыя калектыву пачалася ў 1980 годзе. Хор першапачаткова налічваў трыццаць чалавек. З цягам часу “Залеская гамонка” стала вядома не толькі ў межах раёна. Калектыў выступаў на пляцоўках вобласці, рэспублікі і за яе межамі. У 1993 годзе яму было прысвоена званне “народны аматарскі калектыў”.
У час творчага вечара жыццё калектыву можна было прасачыць па прэзентацыі з фотаздымкамі, ад якіх веяла асаблівай цеплынёй і ўспамінамі. Былі згаданы ўсе яго былыя кіраўнікі. З 2010 года “Залескай гамонкай” кіруе маладая энергічная жанчына Кацярына Кацёлка, якая ў прывітальным слове ў чарговы раз прызналася ў любві свайму калектыву.
С цёплымі словамі віншаванняў звярнуўся і запрошаны на свята галоўны рэдактар газеты “Кобрынскі веснік” Раман Мельнік, які пажадаў калектыву квітнець, развівацца і дабівацца творчых поспехаў. Найлепшыя пажаданні прагучалі і ад дырэктара Залескага цэнтра культуры і вольнага часу Раісы Мацукі. Пра кожнага ўдзельніка “Залескай гамонкі” было сказана шмат добрых слоў.
Творчы вечар, напоўнены ўспамінамі і любімымі песнямі калектыву, выдаўся вельмі цёплым і пацвердзіў , што “Залеская гамонка” – гэта адна вялікая сям’я.
Сярод гасцей быў наладжаны і дзень падпісчыка, у час якога ўсе жадаючыя змаглі падпісацца на раённую газету “Кобрынскі веснік” і атрымаць памятныя падарункі ад рэдакцыі.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: “Залеская гамонка” выступае ў час свайго творчага вечара.