Мір, як сонца, павінен быць вечным

1 чэрвеня ў парку культуры і адпачынку імя А. В. Суворава прайшлі ўрачыста-святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя адразу дзвюм значным святам – Дню міру і Дню абароны дзяцей.

Як адзначыла намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Лідзія Раманюк, якая таксама прысутнічала на свяце, сёлета дата асаблівая: 50 гадоў таму, у 1961-м, быў утвораны Савецкі фонд міру, правапераемнікам якога стаў Беларускі фонд міру, які актыўна дзейнічае на працягу ўсяго існавання суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Прыемна было пачуць словы падзякі кобрынскім актывістам Фонду міру – Валерыю Іванюку,  Марыі Мікуліч, Таццяне Бойка, іншым нашым суграмадзянам, нераўнадушным да справы прапаганды мірнага суіснавання, гуманізму, добрасуседства.

І ўсё ж галоўнымі ўдзельнікамі свята былі, безумоўна, дзеці. Іх яркія, дынамічныя выступленні, апладысменты, вясёлыя ўсмешкі, захапленне ўбачаным перадаваліся ўсім прысутным, паднімалі настрой, рабілі яшчэ больш светлым і без таго бязвоблачнае летняе неба. Пасля святочнага канцэрта на сцэне амфітэатра ўсю юную публіку чакалі захапляючыя гульні на станцыях “Малявальная”, “Спартыўна-гульнявая”, “Танцавальная”.

Ігар ФЕДАРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *