Юные олимпийцы СШ №9 города Кобрина

IMG_2323
31 летняй Алімпіядзе 2016 года былі прысвечаны малыя алімпійскія гульні, якія адбыліся 7 чэрвеня ў выхаваўча-аздараўляльнай установе адукацыі “Краіна дзяцінства”, што функцыянуе на базе СШ № 9 горада Кобрына. Такім чынам рабяты на чале з педагогамі вырашылі падтрымаць беларускіх спартсменаў, якія з 5 па 21 жніўня будуць абараняць гонар краіны ў бразільскім горадзе Рыа-дэ-Жанэйра.

IMG_2328
Вялікая справа пачынаецца з малой, як і вялікі спартсмен – з малога старту. Арганізатары мерапрыемства зрабілі ўсё магчымае, каб удзельнікі алімпіяды адчулі сябе спартсменамі на сто працэнтаў. Тут былі выкананы ўсе каноны алімпійскіх гульняў, створана непаўторная алімпійская атмасфера, пранізаная духам добразычлівасці і салідарнасці. У ліку тых, хто прыйшоў падтрымаць юных спартсменаў, былі госці: намеснік начальніка па спорце і турызме аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама Павел Адамовіч і галоўны спецыяліст вышэйадзначанага аддзела Святлана Міранец.

IMG_2383

IMG_2435
Варта заўважыць, што алімпійская тэматыка для выхаванцаў СШ № 9 вельмі блізкая. Ужо каторы год ва ўстанове дзейнічае клуб “Юны алімпіеец”, які ўзначальвае настаўнік фізічнай культуры і здароўя Наталля Шапашнікава. Да таго ж здароваму ладу жыцця, у тым ліку спорту, тут надаецца вялікая ўвага, што і адзначыла ў час цырымоніі адкрыцця малых алімпійскіх гульняў дырэктар СШ № 9 Галіна Дземідовіч.

IMG_2548
Праграма малых алімпійскіх гульняў была даволі насычанай. Юным алімпійцам давялося дэманстраваць не толькі спартыўныя ўменні, але і творчыя, а пачаліся спаборніцтвы з конкурсу “Алімпійскі фестываль талентаў”. Наколькі добра праінфармаваны дзеці аб надыходзячай Алімпіядзе, арганізатары вызначалі ў час алімпійскай віктарыны “Знаўцы Рыа”. Прыемна, што значная як для нашай краіны, так і ўсяго свету, падзея выклікае вялікую цікавасць у дзіцячага згуртавання. Яшчэ большага спартыўнага энтузіязму малым надаў прагляд відэафільма пра беларускіх спартсменаў. Можна не сумнявацца, што нашы алімпійцы ў асобах дзяцей маюць шчырых прыхільнікаў. А вось на што здольны аматары спорту СШ № 9, паказалі спартландыя, велатрэк і турыстычны конкурс “Алімпійская сцежка”.
Завяршыліся гульні конкурсам малюнкаў на асфальце. Быццам пчолкі, працавалі атрады над спартыўнымі сюжэтамі, адлюстроўваючы найбольш яркія свае эмоцыі ад праведзенага дня.

IMG_2507
Па выніках малых алімпійскіх гульняў 40 рабят са 150 ўдзельнікаў былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі ў разнастайных відах спаборніцтваў. На памяць аб алімпійскіх гульнях кожны маленькі алімпіец атрымаў памятны падарунак.

IMG_2569
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКАХ: моманты малой алімпіяды.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *