В конце января на встречу с читателями пришли авторы чья жизнь связана с Кобринщиной

Калі словы ідуць з глыбіні…

10 гадоў назад – у студзені 2006 года – было створана Брэсцкае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Супрацоўнікі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі не маглі прапусціць юбілей літаратурнай суполкі, тым больш, што яна мае непасрэднае дачыненне і да нашай мясцовасці. Сярод запрошаных на сустрэчу з чытачамі гасцей, якая адбылася напрыканцы студзеня, былі і тыя, чыё жыццё звязана з Кобрыншчынай.
Анатоль Брытун у школьныя гады вучыўся ў Кобрынскім раёне. Частка журналісцкай біяграфіі Вячаслава Бурдыкі прысвечана рэдакцыі нашай “раёнкі”. Наталля Касцюк у свой час працавала ў дзіцячым дашкольным доме Кобрына. Разам з нашымі землякамі ў бібліятэцы выступілі старшыня Брэсцкага аддзялення СПБ Анатоль Крэйдзіч з Іванава і Міхаіл Кулеш з Брэста. Паслухаць тых, хто стварае сучасную літаратуру, прыйшлі мясцовыя самадзейныя аўтары, аматары прыгожага слова, настаўнікі і, канешне, бібліятэкары.
Знаёмства з гісторыяй літаратурнага руху на Брэстчыне і з асабістым шляхам да пісьменніцтва кожнага са знакамітых гасцей выклікала зацікаўленасць у душах прысутных, якія не толькі ўважліва слухалі вядомых аўтараў, але і задавалі ім пытанні. Сапраўдным адкрыццём для многіх стала тое, што хрышчоным бацькам Вячаслава Бурдыкі з’яўляўся Максім Танк.
“Пісаць трэба не для чытача, а для самога сябе”. Такая думка прагучала падчас сустрэчы. Сапраўды, калі словы ідуць з глыбіні сэрца, яны абавязкова знойдуць водгук у душах іншых людзей. І чытачы, якія сабраліся ў гэты дзень у бібліятэцы, упэўніліся ў гэтым. Шчырыя рускамоўныя вершы Міхаіла Кулеша і цікавыя беларускія мініяцюры Анатоля Крэйдзіча яскравымі ўсмешкамі адклікнуліся ў вачах слухачоў.
Выступленні некаторых пісьменнікаў на некалькі хвілін ператвараліся ў прэзентацыі іх новых выданняў. Асаблівую цікавасць выклікаў раман “Сяліба” Анатоля Брытуна, асноўнае дзеянне ў якім адбываецца на Кобрыншчыне – у вёсках Каташы і Хідры. Дарэчы, усе новыя, а таксама і выданыя раней кнігі аўтары падарылі бібліятэцы, тым самым зрабіўшы іх даступнымі для кожнага кабрынчаніна. У знак удзячнасці за сустрэчу падарунак быў паднесены і самім пісьменнікам: Таццяна Сацук падарыла ім свой малюнак з краявідам Кобрына.
Наталля ЕФЦІФЕЕВА.
Фота Ігара Ніжніка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

купить беседку