З лесам звязаны непарыўна

Гісторыя Кобрынскага доследнага лясгаса бярэ свой пачатак з 1939-га года. Сёння тэрыторыя гаспадаркі — гэта больш чым 60 тысяч гектараў лесу. І кожны з іх патрабуе пастаяннай увагі — лес, як сапраўдная прыродная скарбонка, дае нам вельмі многае — ад драўніны, грыбоў і ягад да цудоўнага адпачынку на ўлонні прыроды. У складзе лясгаса 10 структурных падраздзяленняў. Але менавіта Павіццеўскае, Балоцкае і самае вялікае ў раёне – Дзівінскае доследнае лясніцтвы  не першы год становяцца лепшымі сярод усіх лясніцтваў лясгаса. І яшчэ адзін цікавы факт — усе тры гаспадаркі-лідары  ўзначальваюць ураджэнцы вёскі Павіцце. Выпадковасць? Расказвае ляснічы першага класа Дзівінскага доследнага лясніцтва Міхаіл Касынюк.

– Наша родная вёска Павіцце з лесам звязана непарыўна — ён практычна падступае да вясковай тэрыторыі. Таму не дзіўна, што побач з лесам прайшло ўсё маё жыццё. Грыбы, ягады, птушкі, жывёлы — увесь гэты разнастайны свет вабіў нас, нібыта  магніт… Вось так і зрабіў свой выбар.

Дарэчы, Міхаіл Касынюк — адзіны ў лясгасе ляснічы першага класа. У лясной гаспадарцы каля 25-ці гадоў. Крыху менш — амаль 20 гадоў – стаж  яго калегі з Павіцця Юрыя Брыштэна, які ў дзень нашага прыезду таксама завітаў да свайго аднавяскоўца. Юрый Андрэевіч упэўнены — працаваць у лесе можа толькі сапраўдны энтузіяст сваёй справы.

– Зразумела, вялікую ролю адыгрывае спецыяльная адукацыя — але першачарговае значэнне мае непасрэднае стаўленне чалавека да лесу — не толькі як да крыніцы прыродных рэсурсаў, але і як да чароўнага скарбу, які падаравала нам прырода. І сапраўды — насуперак распаўсюджанаму погляду сам сабою лес не расце. Яго аднаўленне — вялікая і складаная праца. Калі ў мінулым годзе аб’ём пасадкі на не пакрытай лесам зямлі склаў 142 гектары, то ў бягучым — ужо 150. На тэрыторыі лясгаса створаны лесанасенныя плантацыі,   а з 1970-га года працуе рэгіянальны гадавальнік, які быў створаны на тэрыторыі Засімоўскага лясніцтва.  У гадавальніку вырошчваецца 45 відаў дэкаратыўных раслін — 156 тысяч штук. Ад даволі звычайных — такіх, як блакітная елка, ядловец і чорная парэчка, да сапраўднай экзотыкі ў выглядзе вечназялёнага самшыту, чарэшчатага дубу, японскай айвы і многага іншага. Актыўна развіваецца і лесагаспадарчая дзейнасць.

Толькі за мінулы год высечкамі прамежкавага карыстання было пройдзена 1292 гектары — і нарыхтавана 30,1 тысячы кубаметраў драўніны. За першае паўгоддзе бягучага года было вывезена 24,8 тысячы тон драўніны. Амаль палову ў агульным аб’ёме вытворчасці займае экспарт — так, па выніках першага паўгоддзя сума яго склала 463,3 тысячы долараў. 763 мільёны рублёў склаў прыбытак арганізацыі. Па працы і зарплата — у прыватнасці, за адзначаны перыяд у сярэднім па лясгасе яна складае каля 900 тысяч рублёў.

Важная сфера — ахова лесу. Тут  працуюць 79 чалавек, выкарыстоўваюцца 4 пажарна-назіральныя вышкі. Сёлета ў Верхалескім лясніцтве была ўстаноўлена сістэма відэаназірання, супрацоўнікі маюць у сваім распараджэнні радыёстанцыі. На варце лесу стаяць 4 пажарныя аўтамабілі і сучасныя мотапомпы «Хонда». Акрамя таго, у мэтах абароны лесу праводзяцца лесапаталагічнае абследаванне, улік зімуючага запасу шкоднікаў, біялагічныя метады барацьбы і многія іншыя меры, якія дазваляюць захоўваць наша прыроднае багацце. Ну і які ж лес без палявання? Для гэтага актыўнага адпачынку ў лясгасе таксама створаны неабходныя ўмовы. 54,9 гектара паляўнічых угоддзяў у стане задаволіць самы патрабавальны паляўнічы густ. А на беразе возера Любань адкрыты сапраўдны паляўнічы дом, дзе аматары палявання могуць правесці час у самых камфортных умовах.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара і з архіва Кобрынскага

доследнага лясгаса.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *