«Пячора Аладзіна» на кобрынскі лад

«Там так добра і ўтульна, што не хочацца ісці дамоў. Пасля наведвання працэдур, у прыватнасці, галатэрапіі і жамчужных ванн, маё самаадчуванне стала значна лепшым. Там выдатны медперсанал, які працуе з кліентамі добрасумленна і ад усёй душы…»
Гэта – радкі з пісьма, якое нядаўна прыйшло ў нашу газету ад кабрынчанкі Валянціны Качула. Як вы ўжо здагадаліся, гаворка ідзе пра “Аздараўленчы цэнтр з водагразелячэбніцай Аквапарк г. Кобрын». Згадзіцеся, падобныя водгукі проста не могуць не зацікавіць.
І вось мы ў аквапарку. Калі быць дакладней, у той самай спелеагалакамеры, якая так спадабалася нашай чытачцы. Прызнацца, першае ўражанне незвычайнае – здаецца, што ты апынуўся не ў сучасным высокатэхналагічным комплексе, а недзе ў казачнай пячоры. Белыя сцены з саляных блокаў, мяккае, утульнае асвятленне – сапраўдная чароўная «пячора Аладзіна»… І непаўторнае паветра, якое, здаецца, пранікае сваім водарам нават праз поры скуры. А вось і адна з «гаспадынь» салянай пячоры – медсястра фізіятэрапіі Таццяна Анцута.
– У спелеагалакамерах – такіх, як у нас – у паветры ўтрымліваецца саляны аэразоль, – расказвае Таццяна Анатольеўна. – Ён складаецца з хларыдаў натрыю і калію і прадстаўлены ў канцэнтрацыях, якія аказваюць лячэбнае ўздзеянне на арганізм. Па сваіх характарыстыках асяроддзе спелеагалакамеры найбольш падобна да умоў падземнага спелеастацыянара Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння. У мікраклімаце камеры пастаянная тэмпература, нізкая вільготнасць паветра, павышаная іанізацыя, адсутнасць бактэрыяльнай флоры і алергенаў.
Усё гэта дазваляе стымуляваць дыханне і кровазварот, аказвае спазмалітычнае і супрацьалергеннае дзеянне – ды і проста паляпшае працэсы аднаўлення арганізму. Працэдуры ў спелеагалакамеры будуць карысныя людзям з захворваннямі органаў дыхання, у прыватнасці, з бранхіяльнай астмай і хранічным бранхітам, артэрыяльнай гіпертэнзіяй, захворваннямі скуры і нават з неўрозамі і дэпрэсіяй. Такая вось цуда-пячора – цяпер даступная і ў нашым горадзе.
А вось і наведвальнікі – у нашым выпадку, калі быць больш дакладным, наведвальніцы. Як аказалася, некаторыя з іх ужо паспелі нават стаць пастаяннымі кліентамі.
Людміла:
– Рэкамендацыю на наведванне спелеагалакамеры я атрымала ў свайго ўрача-пульманолага. Да таго ж не раз чула добрыя водгукі ад знаёмых. Наведала ўжо 10 сеансаў – адзін поўны цыкл. У мяне былі частыя прастуды, а зараз у гэтым плане стала значна лепей, палепшылася і агульнае самадчуванне.
Галіна:
– Я, прызнацца, тут зусім нядаўна. Але першыя ўражанні – проста цудоўныя. Наконт спіса працэдур пакуль што не вызначылася, таму што падабаецца ўсё, але магу сказаць з упэненасцю, што гэтую вось «саляную пячору» наведаю адназначна. А летам, калі да мяне прыедзе ўнучка, абавязкова будзем хадзіць сюды разам з ёй.
Што ж, паважаныя чытачы, на мой погляд, водгукі гавораць самі за сябе. Што ж датычыцца нашай невялікай экскурсіі ў «саляную пячору», то ўражанні пасля яе склаліся самыя лепшыя. Не дзіўна, што, як адзначыў дырэктар аквапарка Вадзім Кахноўскі, кожны дзень лячэбна-аздараўленчае аддзяленне наведваюць да 130-ці чалавек. Кожны з іх знаходзіць нешта сваё – у комплексе высакакласныя спецыялісты, якія прапануюць ручны масаж, бескантактны гідрамасаж, гальванічныя, жамчужныя і віхравыя ванны, душ Шарко, гразевыя аплікацыі і многае іншае… Але гэта ўжо тэма для новай гісторыі.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *