Напэўна, залішне нагадваць, што для таго, каб быць сапраўдным кіраўніком, мала атрымаць адпаведную адукацыю – трэба прайсці багатую жыццёвую школу, навучыцца разумець людзей. А калі да таго ж увесь гэты цяжар кладзецца на кволыя жаночыя плечы…
- У кожнага ў жыцці ёсць свой настаўнік, - расказвае дырэктар ААТ “Швейная фірма “Лона” Зінаіда Андраюк. – Маім настаўнікам – калі гаварыць пра кіруючую работу – быў дырэктар ААТ “Ручайка” Васіль Кацяй. Можна сказаць, менавіта ён навучыў самаму галоўнаму – разумець сваіх падначаленых і адчуваць іх праблемы як свае ўласныя.
Пачыналася ўсё ў далёкім 1981-м годзе, калі Зінаіда Васільеўна толькі прыйшла на “Ручайку” пасля заканчэння Баранавіцкага тэхнікума лёгкай прамысловасці. Потым быў інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава, разнастайныя пасады – ад інжынера па сацыялістычным спаборніцтве да намесніка дырэктара. Ішлі гады – павялічваўся вопыт. Той самы, дзякуючы якому Зінаіда Андраюк у 2005 годзе перайшла на швейную фірму “Лона” – спачатку ў якасці намесніка дырэктара па эканоміцы. А ўжо праз год прыняла пад сваё кіраўніцтва ўсё прадпрыемства. Зараз на фірме працуюць 428 чалавек.
- На маю думку, у кіраўніка не можа быць любімых і нелюбімых супрацоўнікаў – як у маці не можа быць нелюбімых дзяцей, - гаворыць Зінаіда Андраюк. – Прадпрыемства – гэта адзіны вялікі арганізм, і калі раптам адна з яго частак пачынае працаваць горш, то адчуваюць гэта ўсе.
Кадравае пытанне ўскладняецца ў выпадку так званай “цякучкі”. Кожны год “Лона” набірае 50 маладых спецыялістаў-швачак. Прычын таму некалькі. Па-першае, калектыў пераважна жаночы – адпаведна многія супрацоўнікі выходзяць замуж, у водпуск па догляду за дзецьмі. Па-другое, многія маладыя спецыялісты пакідаюць прадпрыемства адразу пасля заканчэння тэрміну размеркавання – у пошуках вялікіх і лёгкіх грошай. Са стажам работы на “Лоне” іх з задавальненнем бяруць у любую прыватную швейную фірму - высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў заўсёды быў адметнай рысай прадпрыемства. Вось і становіцца ААТ “Швейная фірма “Лона” для многіх сапраўднай пуцёўкай у жыццё… Цікавы факт: калі чалавек адпрацаваў на “Лоне” хаця б 2-3 гады, у большасці выпадкаў яму ўжо не хочацца адсюль нікуды ісці. Яно і зразумела – дзяржаўнае прадпрыемства ўсяляе ўпэўненасць за сваю будучыню.
Багаты жыццёвы вопыт дазваляе Зінаідзе Андраюк хутка зразумець – будзе працаваць чалавек альбо не. Як яна адзначае, значную ролю тут адыгрывае матывацыя – чаму чалавек абраў менавіта гэтую спецыяльнасць. Адна справа – таму, што не здолеў паступіць, скажам, у ВНУ - і зусім іншая, калі прафесія з’яўляецца сямейнай традыцыяй. Дарэчы, менавіта з такіх дынастый, як правіла, і выходзяць лепшыя швачкі. Але самая галоўная рыса, якая павінна быць уласціва ўсім супрацоўнікам “Лоны”, на думку яе дырэктара, – працавітасць.
Разам з “Лонай” Зінаіда Васільеўна перажывала ўсе цяжкасці і ўзлёты. Вельмі складанымі былі першыя гады яе дырэктарства, калі прадпрыемства яшчэ было стратным. Моцным ударам для фірмы стаў і эканамічны крызіс. Але цяжкасці пераадолены - зараз “Лона” працуе ў поўным рэжыме, прыбыткова. Ёсць і планы на будучыню. Сярод іх – тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыя, павелічэнне да 30 працэнтаў удзельнай вагі выпуску прадукцыі на беларускі рынак. А з 1 красавіка на прадпрыемстве плануецца павышэнне заработнай платы – што, безумоўна, стане выдатным падарункам для ўсіх супрацоўнікаў “Лоны”. А што добра для прадпрыемства – тое добра і для яго дырэктара.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: