Гэтыя пачуцці сталі лейтматывам раённага этапа рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, які прайшоў у Кобрынскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці. У ім прынялі ўдзел 90 вучняў з розных устаноў адукацыі раёна, якія натхнёна чыталі творы беларускіх класікаў і сучасных пісьменнікаў.
Школьнікі ўразілі прысутных яркімі вобразамі, артыстычнасцю, чуллівым успрыманнем беларускай мовы і душэўнай шчырасцю. Нельга было стрымаць слёз, калі трапяткі дзявочы голас чытаў “Паэму аб чатырох заложніках” Аркадзя Куляшова, сэрца трымцела ад шчымлівых радкоў купалаўскай “Малітвы”. Уразілі слухачоў і жартоўныя творы, якія з асалодай і гумарам чыталі хлопчыкі і дзяўчынкі ў кожнай з чатырох узроставых груп.
Няпроста было членам журы, у складзе якога працавалі настаўнікі школ горада і раёна, педагогі ДУА Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці”, супрацоўнікі ДВМУ “Кобрынскі раённы вучэбна-метадычны кабінет”, вылучыць пераможцаў. Але наконт першых прызавых месцаў рашэнне было амаль што агульным. Сярод вучняў пачатковых класаў уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі вучаніца СШ № 6 г. Кобрына Кацярына Біюмен, Дар’я Крывец з гімназіі, Соф’я Мінчук з Пескаўскай сярэдняй школы.
Сярод вучняў 5–6 класаў лепшымі чытальнікамі сталі Віталіна Андзюлевіч (гімназія) і Мілана Трубчык (дзіцячы сад-сярэдняя школа № 4 г. Кобрына). Ва ўзроставай катэгорыі 7-8 клас перамаглі Вераніка Бура (Астроміцкая сярэдняя школа) і Савелій Прохараў (СШ №3 г. Кобрына). Сярод вучняў старэйшых класаў перамогу атрымалі Ірына Брышцен (Павіццеўскі дзіцячы сад-СШ), Багдан Дарчыч (Акцябрскі дзіцячы сад-СШ ), Міхаіл Пугачоў (гімназія). У абласным этапе конкурсу пераможцы прадэманструюць сваё майстэрства дэкламацыі ў фармаце яскравых відэаролікаў.
Жанна ЕЛІЗАРАВА.
На здымку з архіва ДВМУ “Кобрынскі раённы вучэбна-метадычны кабінет”: маленькія ўдзельніцы конкурсу Мілана Каранчук (злева) і Кацярына Біюмен.
Поделиться в соцсетях: