Прогноз погоды
Чт, 17 апреля 2025

За дабро дабром зямля аддзячыць

05/09/2019

Сёлета ўдзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі” прымаў гарадскі пасёлак Ружаны Пружанскага раёна. Першыя гістарычныя звесткі аб “воласці Прушанской” адносяцца да 1433 года, калі гэтыя землі ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага. На сучасным этапе у раёне налічваецца 245 населеных пунктаў і пражывае 46341 чалавек. Многія гады Пружаншчына ўтрымлівае лідзіруючую пазіцыю ў краіне па вытворчасці малака.  Абноўленым, па-святочнаму прыгожым сустракалі шматлікіх гасцей і герояў свята Ружаны, якія славяцца багатай гісторыяй, у тым ліку і палацавым комплексам роду Сапегаў, сапраўднай “жамчужынай” Беларусі. Цяпер яго называюць беларускім Версалем. Менавіта тэрыторыя гэтага ўнікальнага гістарычнага аб’екта і стала эпіцэнтрам святкавання “Дажынак”. Тут разгарнуліся разнастайныя кірмашы, праводзіліся майстар-класы ад майстроў народнай творчасці, у тым ліку і з Дзівінскага Дома рамёстваў. Багаты асартымент прадукцыі прэзентавалі прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасці. Кобрыншчына была прадстаўлена ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, раённым спажывецкім таварыствам, ПГУП “Экстрада”, СТАА “Лангхайнрых Канфекцыён Бел” і інш.

Стартаваў фестываль на вуліцы Савецкай. Тут пачалося традыцыйнае шэсце калоны, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Кобрыншчыны на чале са старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам.

Ва ўрачыстай атмасферы павіншаваў аграрыяў ўпаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка краіны па Брэсцкай вобласці, старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Валерый Іваноў і зачытаў прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Сардэчна вітаў прысутных старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс, які адзначыў, што правядзенне “Дажынак” у малых гарадах – гэта не толькі прывядзенне іх у парадак, але і пашырэнне іх патэнцыялу, у тым ліку і турыстычнага. За адносна кароткі перыяд у Ружанах удалося зрабіць многае. Дзякуючы намаганням мясцовых улад і зацікаўленых службаў і ведамстваў былі адрамантаваны жылыя дамы, дзіцячы сад і дарогі, рэканструявана гарадская бальніца, добраўпарадкаваны вуліцы. Вялікая ўвага надаецца палацаваму комплексу. Яшчэ неабходна выканаць шмат мерапрыемстваў па яго рэстаўрацыі. Толькі за бягучы год гэты аб’ект наведалі 11,5 тыс. чалавек, пятая частка з якіх – замежныя турысты. Анатолій Ліс падзякаваў пружанскім ўладам, прадпрыемствам і ўстановам, шматлікім спонсарам за ўклад у аднаўленне Ружан. Губернатар з задавальненнем адзначыў, што па-сапраўднаму могуць працаваць не толькі на Пружаншчыне, але і на ўсёй Брэстчыне. І прамым сведчаннем гэтага служыць сёлетняя ўборачная кампанія. Хлебаробы зрабілі ўсё, каб атрымаць шчодры ўраджай. Ва ўборцы збожжавых культур было задзейнічана амаль 1500 камбайнаў, больш за 300 механізатараў былі прыцягнуты з іншых галін народнай гаспадаркі. Своечасова вырашаліся арганізацыйныя пытанні, не было праблем з палівам. Зладажана працавалі перапрацоўчыя прадпрыемствы малочнай і мясной прамысловасцяў, якія пастаянна аказваюць належную дапамогу гаспадаркам. Свой уклад у агульны каравай унеслі прадстаўнікі ўстаноў грамадскага харчавання, райаграсэрвісаў. Губернатар падзякаваў і падраздзяленням МНС, сілавым структурам, якія забяспечвалі бяспеку і дысцыпліну ў час уборачнай кампаніі. У цэлым віды на ўраджай былі нядрэннымі, але вымусіла сур’ёзна пахвалявацца аграрыяў надвор’е – дажджлівы май і анамальна спякотны чэрвень. Тым не менш, Брэстчына пацвердзіла рэпутацыю развітага аграрнага рэгіёну. Агульны ўраджай збожжа склаў 1,2 млн. тон. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых склала 35,6 ц/га, што на 6,6 цэнтнера вышэй, чым у мінулым годзе. У лідарах па намалоце Баранавіцкі раён з валавым зборам збожжа ў 152 тыс. тон і Пружанскі раён (119 тыс. тон). Мяжу ў 90 тыс. тон сярод шэрагу іншых пераадолеў і Кобрынскі раён. У лідарах па ўраджайнасці - Ляхавіцкі раён (больш за 42 ц/га). Сярод гаспадарак лепшым па ўраджайнасці ў вобласці стала ААТ “Агра-Кобрынскае” (71 ц/га). Сярод раёнаў, якія забяспечылі найвышэйшыя паказчыкі тэмпаў росту валавога збору збожжа (без уліку кукурузы на зерне),  пераможцамі спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сталі Іванаўскі, Пружанскі і Бярозаўскі раёны.

Цяпер самы час завяршыць астатнія ўборачныя мерапрыемствы і нарыхтаваць у вобласці 4 млн тон кукурузнага сіласу, пасеяць 250 тыс. Гектараў азімых збожжавых культур і падрыхтаваць глебу для яравой сяўбы. Анатолій Ліс шчыра павіншаваў хлебаробаў са святам і пажадаў ім новых працоўных перамог.

Да гэтых слоў далучыўся і прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, які падкрэсліў важную ролю Брэсцкай вобласці ў фарміраванні агульнага караваю краіны. Добрыя, шчырыя словы ў адрас працаўнікоў вёскі выказалі і намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ала Ламакіна, старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мурашкін і іншыя.

Хвалюючай і ўрачыстай была цырымонія ўшанавання герояў сёлетняга жніва. З рук прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса Ганаровыя граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу і дасягнутыя поспехі ва ўборачнай кампаніі атрымалі камбайнеры з ААТ “Пакроўскі” Вадзім Ляўчук і Юрый Сідарук, якія сталі першым экіпажам-“тысячнікамі” у Кобрынскім раёне і першымі “двухтысячнікамі” ў Брэсцкай вобласці. Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за шматгадовую добрасумленную працу, значны уклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, дасягенне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю ў 2019 годзе атрымала намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Людміла Захарчук. Дыплома Брэсцкага аблвыканкама за другое месца ў абласным спаборніцтве сярод галоўных аграномаў сельскагаспадарчых і іншых арганізацый (іх філіялаў), якія атрымалі найбольшы выхад збожжа на бала-гектар у 2019 годзе быў удастоены Іван Гусак з ААТ “Агра-Кобрынскае”.  Ганаровымі граматамі Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў узнагароджаны пераможцы абласнога спаборніцтва сярод сямейных экіпажаў браты Мікалай і Васіль Міранюкі з ААТ “Пакроўскі”. Дарэчы, цяпер ужо афіцыйна “эстафетную палачку” сёлетніх “Дажынак” перахапіў аграгарадок Дзівін, дзе і пройдзе наступны абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла.

Яркім фінальным акордам свята стаў яскравы канцэрт самадзейных артыстаў і зорак беларускай эстрады – Ларысы Грыбалёвай і Дзядзі Вані.

 

Раман МЕЛЬНІК

Фота аўтара.

На здымках: кобрынская дэлегацыя бярэ ўдзел у святочным шэсці ў Ружанах; экіпаж камбайнераў з ААТ “Пакроўскі” Вадзіма Леўчука і Юрыя Сідарука;  намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыкнакама Людміла Захарчук ; галоўны аграном ААТ “Агра-Кобрынскае” Іван Гусак; сямейны  экіпаж  братоў Мікалая і Васіля Міранюкоў з ААТ “Пакроўскі”; сімвалічны сноп атрымлівае першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама  Валерый Рабкавец

   

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу