Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Ветераны Кобринского хлебозавода всегда на связи с родным предприятием.

29/02/2012 Социум Праздники

Чарговы візіт на роднае прадпрыемства старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі РУВП “Брэстхлебпрам” “Кобрынскі хлебазавод” Ева Навумук, як і заўсёды, прысвяціла вырашэнню набалелых праблем і злабадзённых пытанняў былых калег, якія зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Старшыня прафкама хлебазавода Валянціна Свіціч стала для Евы Мартынаўны не толькі дзелавым партнёрам, але і верным сябрам. Заўсёды гэтыя жанчыны імкнуцца шчыра дапамагчы тым людзям, якім патрабуецца клопат і ўвага.

Ветэранскі лідар – сапраўдны прафесіянал хлебабулачнай прамысловасці. З 1973 па 1993 гады яна працавала на пасадзе галоўнага інжынера Кобрынскага хлебазавода, які ў той час знаходзіўся на плошчы Матросава. Малады спецыяліст узначальвала камсамольскую арганізацыю, вяла актыўнае грамадскае жыццё. Прадукцыя хлебазавода дзякуючы Еве Навумук, а таксама праслаўленым пекарам Сцепанідзе Пракапук, якая была ўдастоена ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, уладальнікам медалёў “За працоўную адзнаку“ Надзеі Андруховіч, Ганне Гніцэвіч і многім іншым спецыялістам была вядома далёка за межамі Кобрыншчыны. Дастаткова ўзгадаць чарэневы хлеб, які ў якасці смачных сувеніраў імкнуліся набыць госці горада.

У 2003 годзе Ева Мартынаўна закончыла работу на хлебазаводзе. Але і да гэтай пары заўсёды ў курсе апошніх навін прадпрыемства, добра ведае многіх работнікаў.

- У нашу “пярвічку” ўвайшоў 91 чалавек. Быў прыняты калектыўны дагавор, у якім замацаваны раздзел аб сацыяльнай абароне ветэранаў, - расказвае Ева Навумук. - Сіламі прадпрыемства пры неабходнасці аказваюцца транспартныя паслугі сваім пенсіянерам па ўсёй краіне, дапамога тэхнікай пры правядзенні сельскагаспадарчых работ, арганізоўваюцца цікавыя экскурсіі па памятных мясцінах Беларусі. Летась, напрыклад, ветэраны хлебазавода пабывалі ў Жыровіцкім манастыры. Па магчымасці сумесна з прафкамам выязджаем да заслужаных людзей і віншуем іх з юбілеямі і памятнымі датамі, святамі. Пры гэтым уручаюцца салодкія прызы – прадукцыя прадпрыемства. Сярод нашых падапечных есць два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны - Вера Маскаленка і Марыя Запольская, якія, безумоўна, атрымліваюць максімум увагі.

Дзень пажылых людзей на хлебазаводзе – свята асаблівае. Спецыяльна для пенсіянераў рыхтуецца святочная праграма, накрываюцца “салодкія” сталы. І ў цёплай, сардэчнай атмасферы многае ўспамінаецца з мінулага. Як сведчыць Ева Мартынаўна, прыемна, што на хлебазаводзе не страчана сувязь пакаленняў.

Раман МЕЛЬНІК.

фота аўтара

НА ЗДЫМКУ: Валянціна Свіціч (справа) і Ева Навумук.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу

Последние новости