Вт, 05 ноября 2024
Прогноз погоды

Верхолесской школе Кобринского района - 140

09/12/2014 Праздники Образование

Мінае час, і ўсё далей адыходзяць нашы школьныя гады са сваімі шчырымі і чыстымі пачуццямі, якіх не будзе больш ніколі ў жыцці… Мабыць, таму любы юбілей школы, акрамя шчырай радасці сустрэч з былымі настаўнікамі і аднакласнікамі, заўсёды прыносіць крышачку добрага суму – і асабліва выразнае адчуванне няўмольнага бегу часу. Гісторыя Верхалескага вучэбна-педагагічнага комплексу “Яслі-сад-сярэдняя школа” бярэ свой пачатак у далёкім 1874-м годзе – менавіта тады адчыніла свае дзверы Верхалескае народнае вучылішча. Навучальная ўстанова мяняла назвы і мовы выкладання, перажывала войны… А роўна 50 гадоў таму быў ўведзены ў эксплуатацыю будынак школы, у якім дзеці вучацца сёння. Багатая гісторыя, выдатныя традыцыі, прафесіянальны калектыў і сучасная матэрыяльная база – менавіта такой школа сустракае свой юбілей.- Бацькі і школа – вось два фундаменты, з якіх пачынаецца чалавек, - адзначыў старшыня Кобрынскага райвыканкама і выпускнік Верхалескай школы 1982 года Аляксандр Зазуля. – І школа ў Верхалессі годна нясе гэтую місію ўсе 140 гадоў свайго існавання. Першы званок, вучоба, атрыманне атэстата, паступленне – па сутнасці, усе гэтыя моманты і фарміруюць тое, што мы называем шчасцем. І я, без перабольшання, шчаслівы - таму што ў маім жыцці была Верхалеская школа.

У гэты дзень наведаць родную школу прыехалі выпускнікі самых розных гадоў і з самых розных куточкаў нашай краіны. Усе яны захавалі ў сваёй душы той самы агеньчык, які калісьці здолелі запаліць іх педагогі, і пранеслі яго праз усё жыццё. Такія ж агеньчыкі яны запальвалі і ў час гэтага ўрачыстага вечара – пакуль каля сцэны не загарэлася цэлая купа сімвалічных свечак. У мерапрыемстве прынялі ўдзел медалісты мінулых гадоў і сённяшнія вучні, іх настаўнікі, многія з якіх у свой час таксама выйшлі са сцен гэтай школы, і кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія з года ў год жывуць са школай адным жыццём. Наведала свята і двухразовая чэмпіёнка Еўропы, прызёр чэмпіянатаў свету, майстар спорту міжнароднага класа па акадэмічным веславанні Таццяна Кухта – таксама выпускніца Верхалескай школы.Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Радковіч, сёння Верхалеская школа добра вядомая, у тым ліку і на абласным узроўні, дзякуючы такім дасягненням, як высокая якасць ведаў, нязменна шырокі спектр удзельнікаў самых розных алімпіяд, глыбокія патрыятычныя традыцыі, добрая спартыўная слава, якія назаўсёды ўпісаны ў гісторыю школы дзякуючы яе выпускнікам і вучням. Застаецца толькі пажадаць, каб з кожным годам гэтых самых вучняў станавілася ўсё больш і каб пад уплывам таленавітых педагогаў у дзіцячых душах, як і раней, зноў і зноў запальваліся агеньчыкі грунтоўных ведаў, усебаковага культурнага развіцця і сапраўднага грамадзянскага сумлення.Дзмітрый БЯЛОЎ.

На здымках: на сцэне - педагогі  Верхалескай школы; старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля ўручае дырэктару дзяржаўнай установы адукацыі "Верхалескі навучальна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа"  Ніне Ляўчук Грамату райвыканкама, адрасаваную працоўнаму калектыву. Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях: