Вт, 15 октября 2024
Прогноз погоды

В Остромичской детской школе искусств обучается около 130 детей

28/10/2015

30 гадоў таму ў дзяцей Астроміч і навакольных вёсак з’явілася магчымасць атрымліваць не толькі агульную сярэднюю адукацыю, але і музычную. У 1985 годзе ў Астромічах расчыніла свае дзверы калгасная музычная школа.
Чароўныя гукі музыкі здольныя перанесці ў свет пачуццёвых асалод, прымусіць задумацца, усміхнуцца альбо пусціць слязу. А калі чалавек становіцца непасрэдным удзельнікам з’яўлення гэтых гукаў, то душа раскрываецца па-новаму і быццам падымаецца ўверх - і тады ўжо не ён іграе, а быццам нехта з неба кіруе яго пальцамі.
За трыццаць гадоў існавання школы яе настаўнікі далі магчымасць сотням дзяцей дакрануцца да дзіўнага свету музыкі. Баян, акардэон, фартэпіяна - гэтыя музычныя інструменты хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем запісвалі сабе ў сябры і больш не жадалі з імі развітвацца. Добрае пачынанне мела працяг.
З часам школа перайшла з ведамства сельскагаспадарчага прадпрыемства ў падначаленне аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама. Павелічэнне колькасці навучэнцаў з іншых вёсак дыктавала свае ўмовы - у выніку з’явіліся філіялы ў вёсках Лука, Стрыгава і Запруды.
Пачатак новага тысячагоддзя для музычнай установы стаў паваротным: у 2000 годзе адкрылася аддзяленне харэаграфіі і школа атрымала назву Астроміцкай дзіцячай школы мастацтваў. Цяпер тут навучаюцца каля 130 дзяцей.
- Акрамя заняткаў па пэўным профілі, многія навучэнцы асвойваюць, няхай не паглыблена, і дадатковы інструмент, зразумела, у тым выпадку, калі паспяваюць і маюць згоду бацькоў. Акрамя таго, нашы настаўнікі займаюцца з дзецьмі яшчэ і вакалам, - пазнаёміла з некаторымі тонкасцямі работы дырэктар Астроміцкай ДШМ Валянціна Пушко.
У школе існуе нямала творчых калектываў. Гэта вакальныя гурт і квартэт настаўнікаў, інструментальны ансамбль настаўнікаў, дзіцячыя дуэты і трыа, танцавальныя калектывы па класах. Апошнім часам набываюць папулярнасць сумесныя дуэты выкладчыкаў і навучэнцаў.
Педагогі прыдумваюць новыя формы работы з маленькімі музыкантамі і танцорамі, якія сталі частымі гасцямі сцэны Астроміцкага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу. Іх канцэрты збіраюць поўную залу і вельмі падабаюцца мясцовым жыхарам.
У павышэнні якасці навучальнага і творчага працэсу не апошнюю ролю адыгрывае абнаўленне матэрыяльнай базы, у тым ліку набыццё новых музычных інструментаў. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе купілі новае электроннае фартэпіяна.
Немалая ўвага надаецца рабоце з бацькамі, якія, у сваю чаргу, сталі добрымі памочнікамі школе.
Наталля НІЖНІК.
НА ЗДЫМКАХ: Вольга Свіржэўская і яе настаўніца Людміла Нічыпарук; у класе харэаграфіі.
Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу