Трыумф прыгажосці, бурныя авацыі глядзельнай залы, феерычная шоу-праграма… Менавіта ў такой святочнай атмасферы на мінулым тыдні праходзіў чарговы раённы конкурс грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Восень-2012”. Арганізатары мерапрыемства – РК ГА “БРСМ”, раённая кінавідэасетка і святочнае агенцтва “Вялікае свята” больш за месяц працавалі з сямнаццаццю дзяўчынамі з навучальных устаноў Кобрыншчыны.
Праграма конкурсу была насычанай і рознабаковай. Ацэньвала канкурсантак кампетэнтнае журы на чале са старшынёй Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Таццянай Місюк. Яна пажадала дзяўчатам моцнага здароўя, імпэту і перамогі. Далучыўся да гэтых віншаванняў ганаровы госць мерапрыемства дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля.
Усе дзяўчаты адказна падрыхтаваліся да конкурсу. Яны прадстаўлялі сябе і свае здольнасці ў выглядзе слайд-шоу і відэаролікаў у дысцыпліне “Візітка”, дэфіліравалі па сцэне ў розных відах адзення, спявалі песні, танцавалі як індывідуальна, так і ў парах з хлопцамі. Відовішчным быў конкурс мадэльераў.
Перад журы стаяла складаная задача – з гэтага багатага суквецця талентаў выбраць трох лепшых прыгажунь. У выніку “Віцэ-міс Восень” стала Ірына Яфімава з СШ №8. Тытула “Міс Восень” удастоена Вераніка Валасюк са школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. А пераможцай конкурсу была абвешчана Настасся Царэвіч з СШ №9, якой і дасталіся тытул “Каралева Восень-2012” і карона. Кожная з дзяўчат была ўзнагароджана дыпломамі і памятнымі падарункамі ад Кобрынскага РК ГА “БРСМ” і сертыфікатамі ад раённай кінавідэасеткі. Таксама ўручаны прыемныя сюрпрызы ад Кобрынскага раённага спажыўтаварыства, салона-цырульні “Пасольства прыгажосці” і “Школы прыгажосці” пад кіраўніцтвам Вольгі Мацюхінай.
Настасся Царэвіч у інтэрв’ю “КВ” адзначыла, што перамагчы ў сёлетнім конкурсе было для яе складанай задачай. У штодзённым жыцці яна займаецца лёгкай атлетыкай, маляваннем, удзельнічае ў школьных культурна-масавых мерапрыемствах. У будучым дзяўчына плануе паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і звязаць сваё жыццё са спортам. Галоўны сакрэт прыгажосці “Каралевы Восень” – мінімум касметыкі і максімум пазітыву. Менавіта шчырая ўсмешка, лічыць Настасся Царэвіч, заўсёды дапаможа заставацца аптымістам у самых розных жыццёвых абставінах.
[gallery link="file" order="DESC" columns="2"]
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКАХ: пераможцы конкурсу “Каралева Восень-2012” Настасся Царэвіч (у цэнтры), Вераніка Валасюк (злева) і Ірына Яфімава.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: