Прогноз погоды
Чт, 03 июля 2025

В каком кобринском ресторане отметить Новый год?

28/12/2011 Праздники

Хоць Новы год традыцыйна лічыцца сямейным святам, іншым разам хочацца ў гэту святочную ноч зусім забыць аб хатніх клопатах з прыгатаваннем ежы, сервіроўкай стала, сустрэчай гасцей і поўнасцю акунуцца ў радасць, весялосць, адпачынак. І добрай альтэрнатывай святкаванню Новага года ва ўласнай кватэры можа быць яго сустрэча ў кафэ ці рэстаране.

Толькі і тут трэба аб усім падумаць загадзя. Скажам, калі мы 15 снежня патэлефанавалі ў рэстаран “Кобрын” і пацікавіліся наяўнасцю вольных месцаў у навагоднюю ноч, нам адказалі, што мы ўжо спазніліся. На пытанне, колькі будзе каштаваць магчымасць узняць келіх шампанскага ў кампаніі Дзеда Мароза і Снягуркі і акунуцца ў іншыя радасці навагодняй праграмы, канкрэтнага адказу не прагучала. Хоць нас запэўнілі, што сёлетнія кошты ў “Кобрыне” не надта будуць адрознівацца ад мінулагодніх, калі месца ў рэстаране на аднаго чалавека 31 снежня каштавала ў межах 150000 рублёў.

А вось у рэстаране “Алімп” назвалі дакладную суму - 250000 рублёў. Як амаль паўсюль, гэты кошт уключае цану за ўваход, папярэднюю сервіроўку стала, святочную праграму з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі. Праўда, і ў “Алімпе” ўсе месцы на 31 снежня таксама былі ўжо забраніраваныя.

Затое на 15 снежня яшчэ заставаліся вольнымі месцы ў рэстаране “Эдэльвейс”, дзе навагоднюю праграму з усімі атрыбутамі прапануюць за 400000 рублёў.

А ў рэстаране “Прэстыж” агеньчыкі паўночных свечак у гэту ноч будуць гарэць у асноўным для піцерскіх гасцей, якія трапяць сюды дзякуючы дамове на турыстычнае абслугоўванне з аздараўленчым цэнтрам “Аквапарк” і гасцінічным комплексам “Беларусь”. Праўда, і ў іншыя перадсвяточныя дні ўсе столікі тут таксама занятыя.

І ўсё ж, калі вы яшчэ не страцілі надзею сустрэць навагоднюю ноч у добрай сяброўскай кампаніі ля рэстараннай ялінкі, паспрабуйце набраць нумары іншых падобных устаноў горада – а раптам вам у канцы года прыемна пашанцуе?

Леў МІХАЙЛАЎ.

Поделиться в соцсетях: