Як Прасвятая Багародзіца ўкрывае нас сваім покрывам, так і кожная маці абараняе сваіх дзяцей ад жыццёвых нягод, дапамагае ім, любіць і нічога не просіць узамен. Таму Дзень маці, які прыпадае на вялікае праваслаўнае свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, - добрая нагода выказаць, як моцна мы любім сваіх матуль, наведаць, пагутарыць, паказаць, што менавіта Маці – галоўны чалавек у нашым жыцці.
Вельмі радасна, што святкаванне праходзіць актыўна па ўсёй краіне і ў кожным доме не толькі 14 кастрычніка, але і пачынаецца загадзя – розныя акцыі, канцэрты, мерапрыемствы ладзяцца ў рамках тыдня маці.
У час святкавання помняць пра ўсіх матуль. Ёсць у нашым раёне і горадзе маці, чые дзеці загінулі ў час выканання воінскага абавязку ў мірны час. Для такіх жанчын штогод у Свята-Аляксандра-Неўскім саборы праходзіць спецыяльная паніхіда. Сёлета на службу прыйшло больш чым два дзясяткі маці. Пасля была арганізавана сустрэча з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама Таццянай Бойка. На сустрэчы жанчыны пагутарылі аб сваіх праблемах, кожнай з маці ад райвыканкама і Кобрынскага хлебазавода былі ўручаны падарункі.
Але самым галоўным мерапрыемствам, безумоўна, стала канцэртная праграма “Ты такая, любімая і родная”, якая адбылася ў Палацы культуры. У зале, дзе ўсім жадаючым нават не хапіла месца, панавала цёплая і радасная атмасфера.
Сёлета чатыры жанчыны Кобрыншчыны былі ўзнагароджаны ордэнам Маці. Гэтыя матулі нарадзілі і годна выхоўваюць пяцярых і больш дзяцей. Тром маці ў час канцэрта ўзнагароды ўручыў старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля. Ірына Раўнейка нарадзіла і выхоўвае пяцярых дзетак, Юлія Утрата – шасцярых, Таццяна Каладзей – семярых. Чацвёртая маці - Ала Балцянкова - ў гэты дзень атрымала ўзнагароду ў абласным цэнтры.
Аляксандр Іванавіч павіншаваў усіх матуль, падкрэсліў, што наш раён мае натуральны прырост насельніцтва, і пажартаваў, што Кобрыншчыне ёсць да чаго імкнуцца – услед за ста тысячамі тон збожжа ўраджаю нам было б добра мець сто тысяч насельніцтва. Таксама старшыня пажадаў усім мамам адчуваць любоў сваіх дзяцей.
І вось са сцэны паліліся гукі песень аб маці, загучала музычнае папуры баяністаў на мелодыі з любімых фільмаў, удзельнікі акрабатычных гурткоў Палаца культуры заварожвалі складанасцю сваіх нумароў, клоўн жангліраваў шарыкамі ды талеркамі, дзяўчынкі выконвалі прыгожыя танцы, а маленькія ўдзельнікі канцэрта радавалі сваёй непасрэднасцю ў сцэнках.
Пасля фінальнай песні ў многіх на вачах стаялі слёзы. Хочацца верыць, што ўсе матулі ў гэты святочны дзень пачулі такія простыя, але патрэбныя словы: “Са святам, любімая мама!”
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: узнагароджаныя маці са сваімі сем’ямі; Аляксандр Зазуля ўручае ордэн Маці Ірыне Раўнейка.
Фота аўтара.
[gallery link="file" order="DESC" columns="4" orderby="title"]