Дробны асенні дождж, здаецца, зусім не псуе настрой аграрыям: на адным з палёў ААТ «Стрыгава» мерна працуе магутны цукроваўборачны камбайн HOLMER, а паляводы тым часам робяць агляд ужо прыбранага поля, каб на ім пасля тэхнікі не заставаліся рэшткі буракоў: як кажуць, капейка рубель беражэ.
Мікалай Марціновіч (злева) і Аляксей Савароўскі радуюцца ўраджаю буракоў. ФОТА: АЛЕНА БАКУН
-Цукровыя буракі ў гэтым годзе ў нас урадзіліся добрыя. Ураджайнасць – адна з лепшых у раёне – 600 ц/га, што не можа не радаваць. Безумоўна, гэта вынік якаснага і грунтоўнага падыходу спецыялістаў да вырошчвання гэтай культуры, адказная праца аграрыяў. Крыху падвяла цукровасць – паўплываў не зусім спрыяльны тэмпературны рэжым і коль-касць ападкаў: пры базавым паказчыку 16% на сённяшні дзень яна складае 15,67%, – дзеліцца аграном гаспадаркі Мікалай Марціновіч. – Дзяржзаказ – на ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод» мы павінны адправіць 16200 т – плануем перавыканаць.З прыбраных на момант нашага візіту ў гаспадарку 169 га, а ўсяго ў гэтым годзе пад гэтую культуру адведзена 330 га плошчы, накапалі ўжо 10150 т. За рулём камбайна шчыруе механізатар Аляксей Савароўскі. На хвіліну ён спыняе сваю тэхніку, каб падзяліцца з карэспандэнтам уражаннем ад ходу ўборкі:
– Нават пры першым поглядзе на поле можна заўважыць, што ўраджай выдатны. Глядзіце, якія вялікія буракі. Здаецца толькі нядаўна працаваў на ўборцы збожжавых, а тут вось хутка палеткі зусім апусцеюць, будзем вясны і новага ўраджаю чакаць.
Для Аляксея Савароўскага, які пераехаў у Беларусь з Казахстана, за 12 гадоў работы ў ААТ «Стрыгава» кобрынская зямля стала роднай – праца на ёй корміць усю яго сям’ю: добры ўраджай – дабрабыт у доме. У размове ён заўважае, што адносіны беларусаў да зямлі вельмі паважлівыя, а самі яны працавітыя і добразычлівыя.
– З палёў нам засталося сабраць яшчэ кукурузу на зерне. З 150 га плошчы прыбраны51 га, намалочана 440,6 т пры ўраджайнасці 86,4 ц/га, – заўважае Мікалай Марціновіч. – А вось уборка кукурузы на сілас падыходзіць да завяршэння: з 850 га прыбрана 817. Пры планавым паказчыку 26700 т назапашана ўжо 25982 т. На адну ўмоўную галаву нарыхтавана 35,31 ц к. адз., што больш чым у мінулым годзе (30,69 ц к. адз.).
Але з завяршэннем уборачнай праца ў гаспадарцы не спыніцца. Працягваецца ўздым зябліва, на поўную моц ідзе нарыхтоўка арганікі. Восень – работ восем – гэта яшчэ нашы продкі заўважылі.
Алена БАКУН / vkobrine.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Поделиться в соцсетях: