У лютым спаўняецца чвэрць стагоддзя ветэранскаму руху Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды па ўсёй краіне праводзяцца разнапланавыя тэматычныя мерапрыемствы, адбываюцца сустрэчы ветэранаў на прадпрыемствах і ва ўстановах.
Слаўныя традыцыі мае Кобрынская раённая арганізацыя ветэранаў вайны і працы, якую ўзначальвае Уладзімір Кузіч. Аб тым, які шлях станаўлення і развіцця прайшла гэта структура, Уладзімір Рыгоравіч расказвае карэспандэнту “КВ”.
- Любому чалавеку ў сталым узросце надзвычай важна, каб пра яго памяталі. Можна сабе ўявіць, як бывае балюча ад асэнсавання таго, што яшчэ зусім нядаўна працаўнік аддаваўся любімай справе, яго спецыяльнасць, вопыт, веды былі запатрабаванымі, а калі выйшаў на заслужаны адпачынак – пра яго забылі. Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў ставіць перад сабой галоўную мэту – аказаць кожнаму падапечнаму максімум увагі і падтрымкі. Дата нараджэння гэтай арганізацыі - 14 лютага 1987 года, калі была вынесена першая пастанова ўстановачнай канферэнцыі ветэранаў вайны і працы ў Мінску. Адпаведна ўтварылася аналагічная грамадская арганізацыя і на Кобрыншчыне.
Першымі старшынямі гарадской і раённай структур сталі Іван Мілаянін і Рыгор Пятручык. Пазней ветэранскі рух узначальвалі Павел Каранчук, Іван Дземянчук, Павел Паплаўскі, Аркадзь Чапура, Іван Чуйко. За чвэрць стагоддзя арганізацыя гарманічна ўпісалася ў грамадска-палітычную сістэму Кобрынскага раёна, а яе актывісты вызначыліся шматлікімі добрымі справамі па абароне грамадзянскіх і сацыяльных правоў пенсіянераў, ваенна-патрыятычным і маральным выхаванні маладога пакалення. У свой час залатымі літарамі ў летапіс Кобрыншчыны ўпісалі свае імёны Іван Пацяюк, Тамара Грэчка, Рыгор Лукашук, Павел Каранчук і многія іншыя.
Кобрынская раённая арганізацыя ветэранаў налічвае больш за 17000 актывістаў, аб’яднаных у 60 пярвічных арганізацый. Галоўны акцэнт робіцца на паляпшэнне якасці жыцця пажылых людзей. У нашай краіне распрацавана Комплексная дзяржаўная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады, якая накіравана на вырашэнне актуальных пытанняў, якія тычацца ў тым ліку паляпшэння жыллёва-бытавых умоў, гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання асоб пажылога ўзросту. Свае прапановы ў гэты нарматыўны дакумент унеслі і прадстаўнікі ветэранскага руху Беларусі. Рэалізацыя гэтай праграмы ажыццяўляецца і на Кобрыншчыне. Так, у горадзе і на сяле працуюць 36 гандлёвых аб’ектаў, якія даюць магчымасць ветэранам і малазабяспечаным грамадзянам карыстацца скідкамі пры пакупцы сацыяльна значных груп тавараў. У шырокім фармаце дзейнічаюць механізмы адраснай сацыяльнай дапамогі насельніцтву, якія рэалізуюцца структурнымі падраздзяленнямі раённай улады і адпаведнымі службамі. Напрыклад, у 2011 годзе 1811 пенсіянераў атрымалі матэрыяльную падтрымку па лініі фонду сацыяльнай абароны на агульную суму 128,8 млн. рублёў. Істотны ўклад у падтрымку пажылых людзей робіць і сфера аховы здароўя.
Рэгулярна члены нашай арганізацыі пры садзейнічанні Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, РК ГА “БРСМ”, раённага ваеннага камісарыята, устаноў адукацыі Кобрыншчыны і іншых зацікаўленых арганізацый удзельнічаюць у рабоце па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны, праводзяць тэматычныя лекцыі-гутаркі ў маладзёжным асяроддзі.
Хочацца з задавальненнем адзначыць шматгадовую плённую працу ветэранскіх важакоў, якія і да гэтай пары, як кажуць, у страі - Пятра Дашчука, Івана Петрасюка, Мікалая Ярашука, Еву Навумук, Зою Дубінка, Ганну Шутро, Мікалая Грыневіча, Дануту Рагачук і інш. Гэта людзі, якія разам з кіраўніцтвам і прафкамамі ўстаноў і прадпрыемстваў на месцах цесна працуюць з былымі сваімі калегамі, падтрымліваюць іх і словам, і справай, шчодра адорваюць увагай і павагай.
У штодзённых справах ветэранскага руху адчуваецца падтрымка асабіста старшыні райвыканкама Мікалая Кенды, яго намесніка Валянціна Трубчыка, старшыні раённага Савета дэпутатаў Таццяны Місюк, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалая Якаўчука, дырэктара Кобрынскага ТЦСАН Таццяны Бойка, прафсаюзных лідараў, кіраўнікоў ААТ “Кобрынскі масласырзавод”, ААТ “Кобрынскі мясакамбінат”, УМГ ААТ “Белтрансгаз” і інш.
Ад усяго сэрца віншую ветэранаў вайны і працы, пенсіянераў Кобрыншчыны з юбілеем ветэранскага руху, жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, бадзёрасці духу.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: Уладзімір Кузіч.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: