Прогноз погоды
Ср, 30 апреля 2025

У зямлю прарасці каранямі

02/04/2019

Каб Ігару Волкаву  ў дзяцінстве сказалі, што пройдзе час, і ён будзе абараняць заходнія рубяжы Беларусі, не паверыў бы, як і не змог бы ўявіць, што сямейнае шчасце таксама пабудуе менавіта з беларускай дзяўчынай.  Хлопчык з руска-нямецкімі каранямі, узгадаваны пад гоман векавых сосен і шумлівыя воды Енісея, жывучы ў вёсцы Усць-Анжа Краснаярскага краю, што знаходзіцца на адлегласці больш за 4 тыс. кіламетраў ад Беларусі, ведаў на той час пра братнюю рэспубліку не больш, чым давала школьная праграма.  

Але лёс склаўся менавіта так, за што Волкавы яму вельмі ўдзячны. І зараз у Ігара, яго жонкі Анастасіі і іх дзяцей, якія хоць ніколі і не былі ў мясцінах, дзе зрабіў свае першыя крокі бацька, - дзве радзімы – Беларусь і Расія.

Анастасія – карэнная кабрынчанка. Пасля  школы паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Закончыўшы яго, вярнулася ў Кобрын, у любімую, якую наведвала 11 школьных гадоў, узорную цыркавую студыю “Сонейка” пры Кобрынскім Палацы культуры, але ўжо ў якасці рэжысёра.  З мужам, у якім адразу заўважыла моцную падтрымку, пазнаёмілася ў агульных сяброў.

 Ігар каля 15 гадоў працаваў у Кобрынскім аддзеле Дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь, нёс службу па ахове Дзяржаўнай мяжы на заставе ў Маларыце, зараз служыць у Брэсцкай Чырвоназнамённай пагранічнай групе на чыгуначным пункце пропуску “Хаціслаў”. У сям’і Волкавых гадуецца сын Кірыл, які вучыцца ў 3 класе, і дачка Варвара, якая нягледзячы на свой маленькі ўзрост, што ледзь пераступіў адзнаку ў адзін год, мае цвёрды характар.

- Мы не выдзяляем сябе па нацыянальнасці. Я паважаю традыцыі і культуру, сярод якой рос Ігар, яго характар, які таксама фарміраваўся не без уплыву генетычных асаблівасцяў рускай душы, як і ён краіну, у якой зараз жыве, будуе дом, пускае тут свае карані, - заўважае Анастасія.

Ігар, пацвярджаючы  словы жонкі, дадае:

- Так, для мяне Беларусь  даўно стала роднай, здаецца, быццам і не сібірак я ўжо.  Першапачаткова сумаваў па мясцінах дзяцінства, па суровых зімах і  па такім кароткім, але яркім леце, па начных рыбалках з бацькам – о, якая ў нашых рэчках рыба лавілася! – па таёжных грыбных сцежках, па пірагах з начынкай з ягад чаромхі. У Краснаярскім краі ў мяне застаўся бацька, сястра, сваякі. На жаль, вялікая адлегласць не дае магчымасці наведаць малую радзіму - добра што ў наш час гэтую адлегласць можа скасаваць інтэрнэт. Усёй сям’ёй па скайпе мы вядзем размовы са сваякамі з Расіі. Нават Варвара дасылае свайму дзядулю паветраныя пацалункі.

Энергічную маці, разважлівага бацьку, дапытлівага сына і цікаўную дачушку аб’ядноўвае цяга да актыўнага ладу жыцця. У кожнага члена сям’і, акрамя малодшай, ёсць уласны веласіпед, а для Варвары збіраюцца ў хуткім часе прыдбаць утульнае крэсла, каб летам ужо усёй сям’ёй дружна паўдзельнічаць у раённым велафестывалі Vіvа РОВАР, а таксама здзейсніць падарожжа па гістарычных мясцінах Кобрыншчыны. Бацькі лічаць, што дзяцей з маленства трэба прывучаць да здровага ладу жыцця, раскрываць ім сваю малую радзіму і прывіваць любоў да яе, як і да ўсяго жывога. У невялікім, але такім утульным доме Волкавых хапае месца і для акварыумных рыбак,  і для папугая – ахвотніка ўсіх разбудзіць з самага ранку, і для ката, які мірна ўжываецца з няўрымслівай Варварай. А сібірскі хаскі ўвогуле любімец усіх дамачадцаў.

Выраз “не хапае часу” - антыдэвіз Волкавых. Ім хапае часу на разам на ўсё. А ў мінулым годзе здзейснілася мара гаспадара: дружна на невялікім участку зямлі, што дастаўся ў спадчыну ад бабулі жонкі, яны пасадзілі сад.

Няхай гэты сад глыбока  прарастае сваімі каранямі ў зямлю і разам з маладым пакаленнем набіраецца моцы, наталяецца цяплом і любоўю, павагай і дабрынёй, і нагадвае пра шчаслівыя імгненні, песціць мару бацькоў пра тое, каб лёс падарыў магчымасць ужо ім-Кірылу і Варвары павітацца з той бярозкай, якую пасадзіў калісьці іх бацька на далёкай сібірскай зямлі.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара: сям’я Волкавых.

 

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу