Ср, 16 октября 2024
Прогноз погоды

У некалькіх кроках ад саркафага…

15/04/2011

Баявая трывога…За лічаныя хвіліны на пляцы аднаго з падраздзяленняў ваенна-паветраных сіл, якое дыслацыравалася на Віцебшчыне, сабраўся ўвесь асабовы склад. Разам са сваімі саслужыўцамі старшы прапаршчык Аляксандр Дзераўнюк нават не мог і здагадвацца, чаму ў гэтую спакойную, сонечную веснавую раніцу 1986 года ў гатоўнасць №1 была прыведзена ўся верталётная часць. Адпаведна з загадам кіраўніцтва, экіпажы транспартных верталётаў “Мі-26” 27 красавіка тэрмінова павінны былі прыбыць  на авіябазу ў Чарнігаве (Украіна), якраз побач з мясцовым ваенным вучылішчам.

- Першае ўражанне пасля прызямлення запомнілася на ўсё жыццё, - гаворыць Аляксандр Васільевіч. – Столькі рознай авія- і аўтратранспартнай тэхнікі на адной тэрыторыі я, напэўна, не бачыў ніколі. Былі там і кобрынскія лётчыкі. Нам паведамілі аб тым, што на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбылася надзвычайная сітуацыя. Кожнага ваеннаслужачага экіпіравалі супрацьхімічным спецадзенем і індывідуальнымі дазіметрамі.

Задача лётных палкоў – у самы кароткі час мінімізаваць наступствы выбуху АЭС. Спецыялізацыя Аляксандра Дзераўнюка была звязана з узбраеннем верталётаў. У камандзіроўцы яго асноўная місія заключалася ў тым, каб на вінтакрылыя машыны “пад завязку” замест боекамплекта прычапіць парашуты з пяцідзесяцікілаграмовымі свінцовымі балванкамі і мяшкамі з пяском. Менавіта такі груз лётчыкі скідвалі непасрэдна ў пекла рэактара.

Ваеннаслужачыя працавалі суткамі. Адразу ж пасля задання, якое доўжылася ўсяго некалькі хвілін, машыны абмывалі хімічным растворам на спецыяльных пляцоўках, таму што радыяцыйны фон на бартах літаральна “зашкальваў”. Кожны з удзельнікаў ліквідацыі праходзіў штодзённы медыцынскі агляд. І нягледзячы на ўсе складанасці сітуацыі, эмацыянальная атмасфера была станоўчай.  Першая партыя ваеннаслужачых адправілася з чарнобыльскай камандзіроўкі 5-6 мая. Праз тры дні пакінуў небяспечную зону і Аляксандр Дзераўнюк.

А летам яго зноў накіравалі ў Чарнігаў. На гэты раз прапаршчык на ўласныя вочы ўбачыў рэактар.

- Як вядома, ў энергаблоках засталася апаратура, у склад якой уваходзілі ў тым ліку і каштоўныя металы. Гэты груз неабходна было эвакуіраваць. Аднак перш чым яго перапрацоўваць, навукоўцы прапанавалі эфектыўны метад зніжэння небяспечнай радыеактыўнай дозы ў спецыяльных фільтруючых кантэйнерах. Я займаўся забеспячэннем іх дастаўкі непасрэдна да ЧАЭС, - расказвае Аляксандр Дзераўнюк.

Упершыню яму прыйшлося наблізіцца шчыльна да саркафага. Шэрая гіганцкая канструкцыя з бетону падобная на нейкі жудасны мемарыял. Сама станцыя была вельмі пашкоджана. Каля небяспечнага аб’екта Аляксандр Дзераўнюк працаваў цэлы дзень разам з сотнямі іншых спецыялістаў.

Пасля апошняй камандзіроўкі ў Чарнобыль Аляксандр Васільевіч вярнуўся ў верталётную часць, а потым перавёўся служыць у Кобрын. У 1993 годзе ён звольніўся ў запас. Катастрофа на Чарнобыльская АЭС для яго – горкі ўспамін, боль і смутак.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Дзераўнюк.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу