Вс, 09 февраля 2025
Прогноз погоды

У Кобрыне ўшаноўвалі лепшых выпускнікоў 2012 года.

14/06/2012 Праздники Молодёжь Образование Официально

У мінулую суботу па добрай традыцыі ў гарадскім Палацы культуры адбыўся ўрачысты прыём у старшыні райвыканкама Мікалая Кенды лепшых выпускнікоў Кобрыншчыны. Таксама ў  мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля і начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Галіна Радковіч.

Сёлета  сямнаццаць выпускнікоў нашага раёна ўдастоены права атрымаць атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асобага ўзору і залатыя медалі, адна навучэнка  - сярэбраны медаль. Два школьнікі сталі пераможцамі трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіады па вучэбных прадметах, пяць - навукова-практычных канферэнцый, тры – трыумфатарамі прэстыжных спартыўных спаборніцтваў.

Звартаючыся да моладзі, старшыня райвыканкама Мікалай Кенда адзначыў, што атрымаць такія ўзнагароды ў самым пачатку жыцця – вялікі гонар для кожнага юнака і дзяўчыны. На сучасным этапе краіне, як паветра, неабходны інтэлектуальная эліта, высокія прафесіяналы сваёй справы, якія будуць знаходзіцца заўсёды ў авангардзе перспектыўных сфер народнай гаспадаркі, сваімі ведамі і дасягненнямі ўмацоўваць аўтарытэт Беларусі ў свеце. Мікалай Аляксеевіч ад усёй душы павіншаваў выпускнікоў з заканчэннем школы, таксама шчыра падзякаваў бацькам і настаўнікам за тое,  што ўклалі ў выхаванне маладой змены максімум сіл і энергіі. Старшыня райвыканкама пажадаў прысутным моцнага здароўя, поспехаў і шчасця.

Далучыліся да гэтых цёплых віншаванняў Аляксандр Зазуля і Галіна Радковіч.  Таксама да выпускнікоў з найлепшымі пажаданнямі звярнуліся маці выпускніка Алена Васількова, уладальнік тытула “Лепшы настаўнік 2011 года”, выкладчык фізкультуры СШ №9 Міхаіл Бандарук. Ад імя выпускнікоў-медалістаў выступіла цяпер ужо экс-навучэнка Імянінскай СШ Ангеліна Ратайка.

Ва ўрачыстай абстаноўцы юнакі і дзяўчаты атрымалі запаветныя атэстаты, медалі і кветкі. …А ўсяго праз некалькі гадзін яны разам са сваімі аднакласнікамі кружыліся ў развітальным вальсе на выпускных балях.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: Мікалай Кенда, Аляксандр Зазуля і Галіна Радковіч з лепшымі выпускнікамі Кобрыншчыны.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу