Сказаць, што гэта любімая лавачка Рыгора Кандрацені перад школай, якая стала яму другім родным домам, - будзе не зусім праўдай. Але менавіта тут ён прысаджваўся на хвіліну ў віхуры школьных клопатаў, менавіта на ёй іншым разам абдумваў чарговае сваё рашэнне, менавіта тут зрабіў нялёгкі для сябе выбар: пакінуць дырэктарскае крэсла, даючы дарогу маладому і перспектыўнаму пераемніку. І вось мы сядзім у засені шырокіх ліп на гэтай самай лавачцы ў школьным двары, а Рыгор Мікалаевіч з уласцівай яму ўсмешкай, іскрынкамі і дабрынёй у вачах дзеліцца пражытым і перажытым. - З чаго пачаць свой аповед? Калі з дзяцінства – нарадзіўся 24 мая 1950 года ў вёсцы Бутча Ганцавіцкага раёна. Наша хата стаяла ў 150 метрах ад рэчкі Лань, якая размяжоўвае Брэсцкую і Мінскую вобласці. Большасць дзіцячых гадоў прайшло ў Мінскай вобласці – бегаў за рэчку, у лес па грыбы. Збіраць грыбы і рыбалку люблю і да гэтай пары. А тады мог злавіць рыбу на што заўгодна, па грыбах рэкардсменам у вёсцы быў, - усміхаецца субяседнік. – Але часу на забавы было мала. Колькі памятаю, разам з трыма малодшымі братамі пастаянна працавалі. Гэту працавітасць, імкненне ўсё рабіць дакладна і якасна перанялі найперш ад бацькоў – Надзеі Васільеўны і Мікалая Сямёнавіча. Людзі былі вельмі разумныя, а працавалі – проста фантастычна! Ніколі не бачыў, каб яны калі-небудзь спалі. І так – да самай смерці… Выдатнік, якога выключылі са школы - Мы з братамі вучыліся выдатна, такіх добрых вучняў не было за ўсю гісторыю нашай вёскі. І гэта – таксама дзякуючы найперш бацькам. Асабліва маці, у сям’і якой было дванаццаць дзяцей, адукацыю яны атрымлівалі яшчэ ў польскай школе. А потым была школа ў Ганцавічах… І тут у дзявятым класе я амаль перастаў хадзіць на заняткі. З-за чаго? Была сярэдзіна шасцідзясятых, шмат чаго мянялася. Выйшлі новыя падручнікі. Па той жа біялогіі, напрыклад, быў напісаны пад рэдакцыяй перадавога вучонага Палянскага на базе тэорыі дарвінізму, а настаўніца біялогіі ўсё выкладала з пазіцый акадэміка Лысенкі. Рашуча не пагаджаўся з ёй, адстойваў свае перакананні. Урэшце, не вытрываў яе бязглуздзіцу і па панядзелках і суботах пачаў проста прагульваць урокі. За гэта мяне і выключылі. З часам усё ж аднавілі… “У спорце, картах і вучобе заўсёды быў найлепшым!..” - Як цікава іншым разам лёс ведае, што нам трэба на самой справе, а што – не! – з ранейшым эмацыянальным запалам распавядае Рыгор Кандраценя. – Яшчэ ў школе выдатна гуляў у футбол. Пасля заканчэння сабраўся паступаць у Пружанскі тэхнікум на электраманцёра. Але наспяваў выключна важны футбольны матч, сябры ўгаварылі не ехаць на экзамены. Потым вырашыў падаваць дакументы ў Гомельскі педагагічны інстытут на факультэт фізічнай культуры. Аднак у час касавіцы моцна пашкодзіў нагу – па гэтай прычыне не змог здаваць экзамены. А ў Горках, дзе думаў вучыцца ў сельскагаспадарчай акадэміі, мне не спадабаўся сам горад. Апынуўся ў арміі, у танкавых войсках. Служыў у самым брудным горадзе на Зямлі – у Дзяржынску. Тут у савецкія часы выраблялася хімічная зброя, і на першых парах арганізм нават адмаўляўся прымаць ежу… Але хутка праляцела армейская служба, трэба было канчаткова вызначацца з далейшай вучобай. Прыхільнасці пераадолелі: стаў студэнтам геаграфічна-біялагічнага аддзялення Брэсцкага педагагічнага інстытута. Тут таксама вучыўся выдатна, хоць ніколі не карпеў над падручнікамі. Акрамя вучобы, ільвіную долю часу аддаваў спорту і… картам. Прычым гуляў толькі на грошы, яны ў мяне тады заўсёды вадзіліся. Яшчэ добра маляваў, быў рэдактарам сценгазеты, пачаў пісаць навуковыя працы. Некаторыя выкладчыкі ўжо бачылі мяне сваім калегам на кафедры… Халодныя хаты, сардэчнае цяпло На кафедры, аднак, застацца не выпала. Лёс зноў унёс свае карэктывы, і малады спецыяліст пасля інстытута апынуўся ў Залескай сярэдняй школе. Пачаў выкладаць геаграфію, быў намеснікам па выхаваўчай рабоце. - Жыў у хаце найдабрэйшай вясковай жанчыны. Памятаю, надыходзіў 1979 год. Нуль градусаў на падлозе, восем цяпла ў пакоі, але дзіўныя, цёплыя адносіны растоплівалі любы холад. У той жа год у Залескую школу прыехала малады настаўнік матэматыкі Галіна Ігнатовіч. Упадабаў яе адразу, больш дзіўнай і цудоўнай дзяўчыны не сустракаў ніколі. У маі 1980-га мы ажаніліся. А з новага года жыццё зноў мяняе напрамак: даю згоду працаваць у Кобрынскім гаркаме партыі, у аддзеле агітацыі і прапаганды. Спадзяюся, многія памятаюць той час: у краіне новыя павевы, у грамадстве пачынаецца актыўны рух. Вельмі паверыў у перабудову, хоць з цягам часу ў многіх наступіла расчараванне… Да ўсяго, стала ясна: камуністычная партыя як кіруючая структура канчаткова вычарпала сябе. “Не хачу сябе хваліць, але ўсё прывык рабіць па-сапраўднаму!” - Таму, калі ў сакавіку 1988 года з гарана паступіла прапанова ўзначаліць новую школу №8, якая тады толькі будавалася, не адразу, але пагаджаюся. Чаму не адразу? Баяўся вялікай адказнасці. Усё-такі школа – гэта вялікі вучнёўскі і педагагічны калектыў, і ты становішся не проста дырэктарам, а чалавекам, ад якога шмат патрабуецца і з якога спаўна спытаюць. А я, хоць не хачу сябе хваліць, але ўсё прывык рабіць па-сапраўднаму. Аб тым, што Рыгор Кандраценя сапраўды сур’ёзна ўзяўся за новую справу, сведчыць многае. Усе інавацыі і перспектыўныя напрацоўкі таго часу ў восьмай школе ўкараняюцца першымі. Менавіта тут упершыню з’яўляецца інтэграваны курс “Мастацтва”, з 1991 года пачынаецца прафілізацыя па англійскай мове, набор у ліцэйныя класы таксама пачынаюць ажыццяўляць першымі. - Вось так патрохі, ад колькасці да якасці, мы і раслі, - працягвае распавядаць аб сваім дырэктарскім перыядзе жыцця Рыгор Кандраценя. – Да ўсяго, за сем гадоў наша школа становіцца самай вялікай у горадзе па колькасці вучняў: калі ў першы год было 1121, то стала 2177. Вучыліся ў тры змены, трэцяя змена пачыналася ў 16.50, зімой дзеці ішлі на заняткі, калі было ўжо цёмна. І сам увесь дзень у школе, дамоў толькі начаваць прыходзіў… Загартоўка супраціўленнем З’яўляючыся па натуры стваральнікам, Рыгор Кандраценя імкнецца падбіраць і ператвараць педагагічны калектыў у такую ж стваральную каманду. “Самае лепшае ў сістэме – гэта шлях прафілізацыі” – гэтым перакананнем ён зараджае многіх; таму заканамерна, што ў школе, акрамя класаў з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы, з’яўляюцца хіміка-біялагічныя, фізіка-матэматычныя і гуманітарныя класы, а ў 1993 годзе ў СШ №8 пераходзяць на беларускамоўнае навучанне з першага класа. Прычым адна беларускамоўная паралель дайшла да свайго выпуску. - Любая сістэма не церпіць змен, у тым ліку і наватарскіх. Тое ж самае можна сказаць і аб сістэме адукацыі, - гаворыць Рыгор Мікалаевіч. - Напачатку прайграваў, адчуваў моцнае супраціўленне… Але супраціўленне пераадольваецца перакананнем і канкрэтным прыкладам. Урэшце, бачныя змены і здаровы сэнс прымушалі пагаджацца з маімі прапановамі і тых, хто да гэтага часу толькі паціскаў плячыма. А яшчэ спартыўны характар сваю ролю адыгрываў… Урэшце, тое, што выбраны шлях правільны, што ў школе ствараюцца сапраўды выключна спрыяльныя ўмовы для развіцця і раскрыцця здольнасцяў вучняў, што ўсё тут робіцца ўдумліва, трывала, на перспектыву, сведчаць факты. Вучнямі СШ №8 здабыта дыпломаў па розных дысцыплінах болей, чым вучнямі ўсіх іншых школ разам. За апошнія гады толькі выпускнікі СШ №8 здавалі цэнтральнае тэсціраванне са 100-працэнтным вынікам. Спартсмены школы неаднаразова дабіваліся выдатных перамог у самых разнастайных спаборніцтвах. А калі ў мікрараёне з’явілася яшчэ адна школа, многія бацькі літаральна пачкамі пісалі заявы, каб іх дзеці засталіся вучыцца менавіта ў восьмай школе. “Пайсці нельга застацца” – паставіць коску, але не кропку - Чаму ўсё-такі прыняў рашэнне развітацца з дырэктарскай пасадай? Скажу шчыра: яно мне далося нялёгка. Але, калі ты займаеш кіруючае крэсла, павінен адпавядаць часу. Сёння ж на двары – век камп’ютарызацыі, інфармацыйных тэхналогій. У чым значна прайграю маладзейшым. Хоць заўсёды казаў і кажу: добра таму чалавеку, у каго камп’ютар у галаве, і дрэнна таму, у каго галава ў камп’ютары. Вядома, той жа скайп толькі вітаю: дзякуючы яму можам з жонкай без праблем звязвацца з дзецьмі, у якім канцы свету яны б ні знаходзіліся. Абедзве нашы дачкі скончылі школу з залатымі медалямі, старэйшая Алена цяпер выкладае гісторыю ў СШ №7 у Брэсце, а малодшая Вольга атрымлівае спецыяльнасць інжынера-хіміка ў Ельскім універсітэце ў Злучаных Штатах. Прычым і там вучыцца на выдатна, дзякуючы гэтаму за вучобу не плаціць. Хоць сам вучэбны працэс – даволі складаны… Сам жа – па-ранейшаму застаюся ў роднай школе, буду весці ўрокі геаграфіі і біялогіі. На месцы дырэктара цяпер будзе наш калега Іван Пінгаль. “Люблю дзяцей. Баюся разбуральнікаў…” - Яшчэ хачу сказаць, што вельмі люблю дзяцей. Бачу ў іх толькі самае лепшае. Таму гатовы абараняць іх дзе заўгодна і перад кім заўгодна. Баюся нядобрых людзей і разбуральнікаў. Перажываю за малую радзіму, за ўсіх. Вось на апошні дзень нараджэння родныя падарылі вуду – толькі ці шмат рыбы засталося ў маёй рэчцы дзяцінства Лані, ва ўсіх іншых рэках Беларусі? І заўсёды імкнуўся жыць, кіруючыся заклікам майго куміра акадэміка Мікалая Вавілава: “Жыццё кароткае, і трэба спяшацца рабіць дабро!”
Ігар СІДАРУК.
фота аўтара .
НА ЗДЫМКУ: Рыгор Кандраценя ў двары сярэдняй школы №8, якой аддадзена 25 гадоў жыцця. Жыцця свядомага, сумленнага, насычанага.
Поделиться в соцсетях: