Здаецца, толькі нядаўна на Кобрыншчыне з’явілася аматарскае літаратурнае аб’яднанне «Белый аист». А вось ужо і чарговы яго юбілей.
25 лістапада, "Кобрынскі веснік"/ 20 гадоў працягвае гучаць трапяткое паэтычнае слова ўдзельнікаў суполкі, якія ў сваю чаргу ўдзячны вялікаму аматару паэзіі ўрачу-афтальмолагу Васілю Паўзуну за тое, што выказаў ініцыятыву аб’яднацца. Эмблемай клуба выбралі белага бусла невыпадкова – гэта птушка з’яўляецца сімвалам Беларусі і асацыіруецца ў нашага народа з мірам і шчасцем.
Задача аб’яднання – садзейнічанне творчаму росту аўтараў і выканаўцаў, раскрыццё новых здольнасцей, культурна-асветніцкая работа.
Першыя 5 гадоў ім прыйшлося нялёгка. Не было пастаяннага месца для сустрэч. Збіраліся, дзе атрымлівалася: па месцы работы членаў аб’яднання, у культурных і адукацыйных установах, пад адкрытым небам. У лістападзе 2009 года «Белый аист» нарэшце знайшоў сабе прытулак. Ім стаў Кобрынскі Палац культуры.
Значныя змены адбыліся ў клубе ў 2010 годзе, калі яго ўзначаліла Людміла Лазюк. Філолаг па адукацыі, настаўнік вышэйшай катэгорыі яна палала душой за сваіх калег. Адкрыліся ў яе і здольнасці кіраўніка: жанчына змагла аб’яднаць вакол сябе людзей рознага ўзросту, прафесій, поглядаў, улюбёных у літаратуру і з жаданнем дзяліцца набыткамі сваёй душы з іншымі.
Паэты плённа працавалі, іх талент і дзейнасць заўважылі і ацанілі. Так, у красавіку 2014 года за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных каштоўнасцей і актыўную канцэртную дзейнасць калектыву прысвоена званне «народны».
У верасні 2019 года эстафету ад Людмілы Іванаўны падхапіла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Галіна Балахоўская, якая таксама вельмі тонка адчувае паэтычнае слова. Пад яе кіраўніцтвам клуб працягваў сваю актыўную дзейнасць, якая праяўлялася ў неабыякавасці да ўсяго, што адбываецца вакол.
Тройчы гуртоўцы пацвердзілі званне «народны». Нядаўна аб’яднанне змяніла назву і стала народнай літаратурна-паэтычнай студыяй «Белый аист». У яе таксама і новыя кіраўнікі – так, час патрабуе свежых ідэй.
Абапіраючыся на вопыт калег, фундамент, які мацаваўся на працягу 2-х дзесяцігоддзяў, Васіль Ярмашук і Наталля Нікалайчук працягваюць работу па папулярызацыі мастацкага слова і выкарыстоўваюць для гэтага разнастайныя формы: літаратурныя чытанні, гасцёўні, гульні, творчыя майстэрні, сустрэчы.
Паэты праводзяць заняткі для тых, хто толькі пачынае творчую дзейнасць, майстар-класы, арганізоўваюць масты сяброўства і творчасці з аматарскімі літаратурнымі і бардаўскімі клубамі з іншых гарадоў. Традыцыйна збіраюцца на калядныя чытанні, мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў, беларускага пісьменства, Сусветнаму дню паэзіі, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях, удзяляюць увагу людзям з абмежаванымі магчымасцямі: арганізоўваюць для іх канцэрты, тэматычныя сустрэчы.
Яны частыя госці ў Кобрынскім ТЦСАН, дзіцячай вёсцы. Зараз у радах «Белого аиста» 33 удзельнікі. Кожны з іх – паэт са сваім тварам і почыркам, вялікім творчым багажом. Кожны – годны асобнай увагі. На жаль у адным артыкуле нельга расказаць пра ўсіх.
Вынікам іх творчай дзейнасці сталі кнігі: калектыўныя зборнікі лірыкі і прозы: «Свет Великой Победы», «Под крылом «Белого аиста», «Зямля бацькоў дае натхненне», «Война. Победа. Память», «И льется с небес вдохновенье», «Гимн любви» (2024), больш за 40 аўтарскіх кніг, складальнікам, рэдактарам і карэктарам многіх з іх была Людміла Лазюк.
На словы паэтаў напісана каля 50 песень. Студыя не толькі актыўна падтрымлівае творчыя ініцыятывы, але і стварае ўласныя традыцыі. Пад яе эгідай пры непасрэдным удзеле члена калектыву Юрыя Харэвіча і з падтрымкай СГАА «ПП Палессе» напрацягу 8 гадоў на Кобрыншчыне праходзіў фестываль бардаўскай песні і паэзіі «Сонечны», які аб’ядноўваў людзей з розных куткоў Беларусі, Расіі.
Фестываль праводзіўся з мэтай падтрымкі і развіцця жанру бардаўскай песні, раскрыцця новых творчых імёнаў, аказання дапамогі росту аўтараў і выканаўцаў песень. Усе вераць у тое, што ў хуткім часе добрая традыцыя адродзіцца і фестываль загучыць з новай сілай.
Таленавітых паэтаў «Белого аиста» ведаюць далёка за межамі раёна. Яны неаднаразова станавіліся пераможцамі конкурсаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. З кожным годам узмах іх крылаў усё большы і большы. Наперадзе – шмат новых адкрыццяў.
Алена БАКУН
Фота з архіва студыі
Поделиться в соцсетях: