Чт, 14 ноября 2024
Прогноз погоды

Сяргей ГРЫБОК: “Для аграрыяў – найлепшыя ўмовы”

11/08/2011

Упершыню ў краіне ў межах Дзяржаўнай праграмы развіцця і адраджэння сяла і адпаведнага Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №302  з чэрвеня 2010 года ААТ “Белаграпрамбанк” распачаў выдачу льготных крэдытаў уладальнікам прыватных падвор’яў. Аб асаблівасцях гэтай ініцыятывы расказвае кіраўнік аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Кобрыне Сяргей ГРЫБОК.

- На дапамогу дзяржавы можа разлічваць уладальнік прысядзібнай гаспадаркі. Для таго, каб даведацца, ці з’яўляецца ваша падвор’е асабістай падсобнай гаспадаркай, трэба азнаёміцца з дакументамі на зямлю, дзе ўказана яе прызначэнне. Напрыклад, дачы пад гэта азначэнне не падпадаюць.

Грошы выдзяляюцца для набыцця тэхнікі, насення, угнаенняў, свойскай жывёлы і іншых неабходных тавараў. Трэба ведаць, што крэдыт можна расходаваць толькі згодна з пералікам тавараў і паслуг, які ўзгоднены з банкам. Паколькі крэдыт безнаяўны, сродкі на рукі кліент не атрымлівае. У фінансавую ўстанову прадастаўляецца адпаведны дагавор куплі-продажу, пасля чаго з рахунку ажыццяўляецца плацеж.

Хацелася б засяродзіць увагу чытачоў на важным нюансе: набываць тавары (паслугі) за пазыку магчыма толькі ў юрыдычных асоб і прадпрымальнікаў. Калі гаварыць простымі словамі, напрыклад, мотаблок у знаёмага вы ўжо не купіце.

- А на які тэрмін прадастаўляецца льготная пазыка?

- Усё залежыць ад мэты. Да прыкладу, пазыка даецца на год для набыцця ўгнаенняў, сродкаў аховы раслін, насення сельскагаспадарчых культур, а таксама на аплату паслуг па ўнясенні ўгнаенняў ці сяўбу. Калі вы запланавалі набыць сельскагаспадарчых птушак ці жывёл – на тры гады; для набыцця шматгадовых раслін пладова-ягадных культур, цяпліц, будаўнічых матэрыялаў пад сельскагаспадарчыя ці гаспадарчыя пабудовы, а таксама аплаты работ (паслуг) па іх будаўніцтве – да 5 гадоў, для набыцця сельгастэхнікі – да 7 гадоў. За льготную пазыку нельга набываць тавары, якія былі ва ўжыванні, а сельскагаспадарчая тэхніка павінна быць толькі айчыннай вытворчасці.

- На які мінімум і максімум па суме крэдыту можа разлічваць ваш кліент?

- Самая малая сума крэдыту складае 500 тыс. рублёў на адну гаспадарку, а самая вялікая – 60 мільёнаў рублёў адпаведна. Выдаецца крэдыт толькі ў беларускіх рублях і пад 5 працэнтаў гадавых. Пры гэтым, згодна з указам, спосабам забеспячэння выканання крэдытных абавязацельстваў з’яўляецца паручыцельства і (ці) залог набываемай за кошт прадастаўленага крэдыту тэхнікі ці абсталявання. Як вядома, пры афармленні гэтага і многіх іншых крэдытаў іх сума залежыць ад вашай плацежаздольнасці. Для гэтага трэба прадаставіць у банк даведку аб даходах. Прынамсі, могуць быць улічаны не толькі ваш заробак, але і выручка ад здачы сельгаспрадукцыі. Просты прыклад. Летась вы здалі дзяржаве мяса на пяць мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы будуць улічвацца як вашы даходы, і магчымая сума крэдыту ўзрасце. Больш падрабязна аб поўным пакеце дакументаў, якія патрабуюцца для атрымання грошай, вы можаце даведацца ў аддзяленні нашага банка па вул. Савецкай, 23, тэл. 22-4-22.

- Сяргей Аляксандравіч, як бачна з нашай размовы, ільготны крэдыт прадастаўляе новыя ўнікальныя і выгадныя магчымасці для аграрнікаў. Ці стаў ён па-сапраўднаму папулярным?

- З моманту ўступлення ў сілу Указа №302 на Брэстчыне аформлена 109 такіх крэдытаў, з якіх 87 – на набыццё сельскагаспадарчай тэхнікі, машын і абсталявання айчыннай вытворчасці. І водгукі кліентаў прыемна радуюць. Так, напрыклад, уладальнікі адной з лепшых аграэкасядзіб Кобрыншчыны Уладзімір і Ева Глінскія летась у аддзяленні ААТ “Белаграпрамбанк” узялі максімальную суму льготнага крэдыту - 60 млн. рублёў, за які адразу ж набылі тэхніку, свойскую жывёлу, пабудавалі ў Мазічах інкубатар. Гаспадары ўдзячны дзяржаве і банку, у прыватнасці, за цудоўную магчымасць ажыццявіць першачарговыя задачы.

Уладальніца асабістай падсобнай гаспадаркі Соф’я Палішчук з в. Патрыкі таксама не ўпусціла шанс узяць выгадны крэдыт у нашым банку і набыла дзякуючы яму міні-трактар “Беларус”.

Усіх, хто зацікавіўся атрыманнем ільготнай пазыкі, раім звярнуцца ў наш банк. Кампетэнтныя спецыялісты аператыўна і якасна прадаставяць усю неабходную інфармацыю і дапамогуць аформіць дакументацыю.

Гутарыў Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: кіраўнік аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Кобрыне Сяргей Грыбок.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу