Чт, 05 декабря 2024
Прогноз погоды

Школьны кірмаш арганізаваны ў Кобрыне: нефармальны падыход

29/08/2018 Праздники

Яшчэ некалькі дзён – і залівісты школьны званок пакліча хлопчыкаў і дзяўчынак у краіну ведаў. Каб гэтае падарожжа стала як мага больш яскравым і плённым, бацькі стараюцца набыць самыя лепшыя рэчы і адзенне для сваіх дзяцей. 25 жніўня жыхары і госці горада маглі зрабіць неабходныя пакупкі на агульнаабласным школьным кірмашы, які размясціўся на пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра «Палессе».

Кірмаш такога ўзроўню быў арганізаваны ў вобласці ўпершыню. Адразу 40 арганізацый Брэстчыны і суседніх абласцей прапанавалі наведвальнікам разнастайныя тавары школьнага асартыменту. Сваю прадукцыю прадставілі прадпрыемствы канцэрна «Беллегпрам», сярод якіх ААТ “Світанак» з Жодзіна, Жлобінская швейная фабрыка, Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман», ААТ «Славянка» з Бабруйска і іншыя. Багаты асартымент прапанавалі прадпрыемствы Брэсцкага аблспажыўсаюза, ААТ «Белкніга», індывідуальныя прадпрымальнікі. Гандаль Кобрыншчыны прадстаўлялі кобрынскі філіял ААТ “Магатэкс”, ПУП «Экстрада-мікс», СТАА «Кьютта», ПВГУП «Юліна-Мода Люкс» з тэкстыльнымі вырабамі ўласнай вытворчасці. ГУП «Брэсцкія пачастункі», ПВГУП «Лакмас», ААТ «Кобрынскі масларобна-сыраробны завод», ААТ «Берасцейскі пекар» (Кобрынскі хлебазавод) наладзілі продаж прадуктаў харчавання і дэгустацыю навінак, сярод якіх значнае месца займалі школьныя сняданкі.

Каля павільёнаў з адзеннем дзелавога стылю, абуткам, спартыўнымі касцюмамі, ранцамі, канцылярскімі прыладамі ўвесь час ішоў бойкі гандаль. Танныя якасныя рэчы, прывабныя скідкі ў 10, 20, а месцамі і 45%  прыцягвалі ўвагу пакупнікоў. На кірмашы дзейнічалі розныя акцыі, у тым ліку і сацыяльнай накіраванасці. Так, шматдзетным, апякунскім і прыёмным сем'ям, бацькам, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў або збіраюць у школу першакласнікаў, пры набыцці тавараў на суму ад 50 рублёў прадастаўляліся скідкі на 10%. Прыемнымі бонусамі маглі скарыстацца жнівеньскія імяніннікі. Пакупнікі, якія набылі тавары для школьнікаў на суму звыш 20 рублёў, атрымлівалі сімвалічныя падарункі.

Арганізатары паклапаціліся аб тым, каб першы кірмаш парадаваў наведвальнікаў добрым настроем. Дзяцей вабілі гульнявыя пляцоўкі і раставыя лялькі. Атмасферу свята дапоўніў канцэрт артыстаў мастацкай самадзейнасці, прафілактычныя акцыі ДАІ і МНС. Паказ калекцый школьнай формы правялі вучні з гімназіі, СШ №№8 і 9, дзе найбольш распаўсюджана адзенне дзелавога стылю.

Кірмаш у Кобрыне наведаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, які адзначыў добрую падрыхтоўку свята. Абыходзячы гандлёвыя кропкі, ён цікавіўся якасцю і складам тавараў, коштам і скідкамі, настроем прадаўцоў і пакупнікоў. Кіраўнік Савета Рэспублікі за значны ўклад у грамадскую дзейнасць уручыў лісты падзякі і падарункі калектыву Дзівінскага дзіцячага дома, шматдзетным бацькам Мікалаю і Вользе Літвінец, дырэктару СТАА “ВП Палессе” Андрэю Гольцману. У інтэрв’ю з прадстаўнікамі СМІ Міхаіл Мясніковіч заўважыў, што ўзаемадзеянне такіх сацыяльных інстытутаў, як сям’я і школа, павінна быць падмацавана ўвагай з боку мясцовай улады, якая можа паспрыяць больш плённай сацыялізацыі дзіцяці у адпаведнасці з запатрабаваннямі рэгіёна. Што датычыцца гандлю, то, па словах старшыні Савета Рэспублікі, у краіне надаецца значная ўвага яго развіццю ў сельскай мясцовасці. Згодна з указам № 345 "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання", у невялікіх населеных пунктах ствараюцца камфортныя ўмовы для вядзення бізнесу. Вяскоўцам, як і жыхарам гарадоў, прадастаўляюцца магчымасці для набыцця шырокага асартыменту тавараў, у тым ліку да школы. На пытанне аб перспектывах развіцця нашага рэгіёна Міхаіл Уладзіміравіч адзначыў, што ў раёне, як і ў краіне,  дамініруючы характар павінны набыць вытворчыя паслугі.

Па падліках Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, поўная экіпіроўка дзяцей да школы (адзенне, абутак, сумка або ранец, канцылярскія прылады) абыходзіцца ад 145 да 750 рублёў для школьнікаў малодшага ўзросту і ад 214 да 890 рублёў для старшакласнікаў. Таму добрай падтрымкай для некаторых шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў і дамоў сямейнага тыпу, што вызначыліся выдатным выхаваннем дзяцей, сталі падарункі, якія прывезлі на ярмарку прадстаўнікі розных устаноў і арганізацый. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васілій Дземідовіч ад РА РГА “Белая Русь” уручыў падарунак пераможцу працоўнага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю Дзмітрыю Карпіну, дачка якога пойдзе ў першы клас. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук перадаў грашовыя сертыфікаты ад выканаўчай улады бацькам-выхавальнікам дамоў сямейнага тыпу Віктару і Святлане Прычышыным і Віктару і Алене Асіюк. Старшыня Брэсцкага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Аляксандр Мурашкін уручыў падарунак шматдзетнай сям'і Калядзюк з аг. Гарадзец, сын і дачка якіх сталі першакласнікамі. Многія наведвальнікі адзначалі, што кірмаш для іх – гэта магчымасць не толькі сабраць дзяцей у школу, але і выдатна адпачыць.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

НА ЗДЫМКУ аўтара: старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч на кірмашы; пакупкі зроблены.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу