На падвор’і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Пятра Букача –святочная мітусня. 11 ліпеня, напярэдадні Дня горада, Пётр Феадосьевіч, які ў поўнай меры зведаў увесь цяжар ваеннага ліхалецця, адзначыў свой 100-гадовы юбілей. Складана паверыць у такую лічбу, калі слухаеш яго выразную гаворку, глядзіш у ясныя вочы. Мы, дзеці мірнага часу, не можам нават уявіць, што вынеслі на сваіх плячах салдаты вайны.
– Дзень 22 чэрвеня 1941 года не забуду ніколі. Помню, як прачнуўся ад грукату – недзе разрываліся бомбы, – расказвае ветэран. – А на наступны дзень родную Гайкоўку ўжо занялі немцы. Калі пачалі забіраць моладзь у Германію, у ліку ахвяр апынуўся і я. Нас, партыю будучай “рабочай сілы”, адправілі на цягніку ў Брэст, каб падрыхтаваць да адпраўкі на Нямеччыну.
Аднак лёс прадугледзеў для Пятра Феадосьевіча іншы шлях. Выбраўшы момант, калі цягнік адагналі на запасны шлях, а канваіры адышлі па сваіх справах, хлопец нячутна скочыў пад вагоны і пабег у горад, адкуль праз некалькі дзён вярнуўся дамоў.
Калі на Беларусі разгарнуўся партызанскі рух, бацька Пятра Букача наладзіў сувязь з байцамі з атрада імя Шчорса. З часам і сам Пётр стаў партызанскім сувязным. Ён падбіраў надзейных людзей у розных вёсках, якія маглі перадаваць інфармацыю – колькі гітлераўцаў у населеным пункце, якую зброю і тэхніку маюць. Была ў Пятра Феадосьевіча і свая “яўка” – у мясцовым кінатэатры ў абумоўлены час.
Як і для многіх беларускіх хлопцаў, якім давялося пасталець у перыяд акупацыі, служба ў радах Чырвонай Арміі для Пятра Букача пачалася адразу пасля вызвалення Кобрыншчыны. Там ён авалодаў сапёрнай справай, камандаваў кулямётным разлікам. Ён вызваляў Варшаву і браў Берлін – апошні аплот Трэцяга рэйха, які прынёс вялікае гора нашаму народу.
- Беражыце мір і сваю краіну, блакітнае неба, з якога не падаюць бомбы, цішыню гэтых прыгожых вуліц і дзіцячы смех на іх, - звяртаецца ветэран да нашчадкаў. – Гэта бязмернае шчасце – быць гаспадарамі на сваёй зямлі, не ведаць прыгнёту, не бачыць, як гінуць ад варожых куль твае сябры, з якімі яшчэ ўчора ты дзяліў прытулак і ежу, як вывозяць на чужую зямлю тваіх блізкіх. Беражыце свабоду і помніце ўрокі гісторыі, каб ніколі не паўтарылася тое, праз што давялося прайсці нашаму пакаленню.
Павіншаваць ветэрана з важнай датай у гэты дзень прыехалі родныя і блізкія Пятра Феадосьевіча, да якіх далучыліся начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Бойка і старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Кузіч. Цёплыя словы віншаванняў, добрыя ўсмешкі і шчырая ўдзячнасць, якой, здавалася, дыхала само летняе паветра, – у такой цудоўнай атмасферы прайшоў юбілей ветэрана, вызваліцеля і пераможцы.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота Дзмітрый БЯЛОЎ:
Поделиться в соцсетях: