…Квітнеючы сад недалёка ад сціплага дома ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Дзенісюка ў в. Лепясы на яшчэ халодным ветрыку страчвае свае пяшчотныя пялёсткі, якія, нібыта снегам, пакрываюць зямлю. Кожная вясна для Івана Ніканавіча сімвалізуе не толькі абуджэнне прыроды, але і той далёкі шчаслівы майскі дзень, калі савецкі народ перамог у крывавай вайне з гітлераўцамі. З памяці не сціраюцца ваенныя падзеі… У верасні 1944 года ў складзе 33-й пяхотнай арміі I Беларускага фронта Іван Дзенісюк з вызваленчымі баямі прайшоў усю Польшчу.
- У тыя часы я быў камандзірам кулямётнага разліку “Максім”, - успамінае ветэран. - Немцы аказвалі жорсткае супраціўленне, але мы няспынна крочылі на захад, вызваляючы розныя населеныя пункты.
Памятае ветэран і аперацыю ў Германіі. Полк 5 лютага 1945 года фарсіраваў Одэр. Па тонкім лёдзе салдаты невялікімі групамі перабіраліся цераз раку. На тым беразе ракі нашым прыйшлося цяжка. Яны атакавалі ворага пад няспынным агнём мінамётаў. А потым наляцела яшчэ і авіяцыя і “прасавала” іх з неба. Іван Ніканавіч атрымаў загад прыкрываць аднапалчан з кулямёта і не шкадаваць патронаў. І толькі ён выйшаў на сваю пазіцыю, уладкаваў “Максім”, як з кустоў паказаліся фуражка нямецкага афіцэра і доўгі ствол пісталета “Люгер-Парабелум”. Гэта апошняе, што бачыў ветэран у той дзень. Куля моцна параніла яму галаву, і ён страціў прытомнасць...
Потым лячыўся ў шпіталях. І нягледзячы на тое, што па стане здароўя быў камісаваны з арміі, усё роўна вярнуўся на фронт і працягваў ваяваць у складзе чацвёртага кубана-казацкага кавалерыйскага корпуса. Перамогу ён сустрэў у Іране, дзе ахоўваў узбраенне, прадастаўленае саюзнікамі па праграме Ленд-Ліза. Усё сваё сумленнае жыццё ветэран працаваў у асноўным у сельскай гаспадарцы. У яго два сыны, унук і дзве праўнучкі.
Раман Мельнік.
Фота аўтара.
На здымку: Іван Дзенісюк.
Поделиться в соцсетях: