Героі вайны… Мы сустракаем іх імёны ў назвах вуліц, сквераў і плошчаў – і ўспамінаем ваенныя падзеі. Праходзім каля помнікаў і абеліскаў – і ў памяці зноў і зноў усплываюць бязмежная самаадданасць і гераізм. Яны жывуць у нашых сэрцах і на старонках гістарычных кніг… Заўсёды будуць побач з намі.Але задумаемся – колькі мы памятаем імёнаў і прозвішчаў нашых землякоў, якія абаранялі наш край? Тых, пра каго практычна не пішуць у кнігах, чыіх імёнаў няма ў назвах вуліц? Гэтую публікацыю мы прысвячаем ураджэнцам вёскі Навасёлкі – салдатам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны, звесткі пра якіх рупліва сабраў у музеі Навасёлкаўскай школы выкладчык гісторыі, кіраўнік музея і добры сябар «КВ» Аляксандр Дронец. Менавіта на іх падставе і створаны матэрыял.
Вайну сустрэлі ў страіІх было 12 - і амаль што ўсіх прызвалі ў армію яшчэ да вайны. Лёс гэтых 12 жыхароў вёскі, якія прымалі ўдзел у абарончых баях 1941-1942 года, склаўся па-рознаму. Мала хто з тых, хто прыняў на сябе першы ўдар ворага, дайшоў да канца вайны… Загінуў у лагеры для савецкіх ваеннапалонных пад Лідай Мікалай Выжыкоўскі, памёр ад ран у шпіталі каля Чалябінска Мечыслаў Грынявецкі.
Вайсковая часць, дзе служылі навасёлкаўцы Серафім Кайла, Мікалай Пятручык, Мікалай Кардаш і Аляксей Крыганчук, адступала з-пад украінскага горада Сумы і трапіла ў акружэнне. Эшалон, у якім ехалі байцы, быў разбомблены – воіны, якія ўцалелі, дабраліся да бліжэйшай вайсковай часці. Пасля праверкі заходніх беларусаў і ўкраінцаў раззброілі і адправілі на тылавыя работы ва ўсходнія рэгіёны СССР – Крыганчук, Кардаш, Пятручык і Кайла апынуліся на будаўніцтве ваеннага завода пад Свярдлоўскам. Серафім Кайла захварэў на туберкулёз і памёр у пачатку 1942 года, Мікалай Кардаш прапаў без вестак, Мікалай Пятручык трапіў на фронт і загінуў у 1944 годзе ў Польшчы. Вярнуцца дадому з той чацвёркі навасёлкаўцаў давялося толькі Аляксею Крыганчуку, які ў роднай вёсцы ў першыя пасляваенныя гады працаваў у калгасе. Памёр Аляксей Сцяпанавіч у 2008 годзе.Яшчэ адзін ураджэнец вёскі, Іван Яшчук, на сваім жыцці прайшоў цэлых тры вайны. Пасля Першай сусветнай і грамадзянскай ён працягваў службу ў Чырвонай Арміі, перажыў рэпрэсіі.На фронце Іван Фёдаравіч апынуўся з пачатку вайны. Баі на Украіне, абарона Севастопаля, вызваленне Крыма, баявыя дзеянні ў Румыніі і Венгрыі… Сярод узнагарод - Ордэн Леніна, медаль «За абарону Севастопаля» і многія іншыя. Памёр ён цяжка хворы ў 1948 годзе ў Брэсце, дзе і быў пахаваны.
Ёсць сярод навасёлкаўцаў і тыя, хто змагаўся з ворагам у час абароны Ленінграда. На Лужскім рубяжы загінулі Сцяпан і Трафім Марчукі. Дарэчы, першы на танк перасеў адразу з трактара, на якім працаваў да вайны ў калгасе суседняй вёскі Паўлопаль. Пад Ленінградам развіталіся з жыццём аднавяскоўцы Васіль Кардаш і Міхаіл Вяршко, які да вайны працаваў у Дзівінскім райвыканкаме інспектарам па фінансах. Толькі ў 2009 годзе стала вядома, што ў час Ленінградскай блакады загінула сям'я ўраджэнца вёскі Навасёлкі Пятра Паляцілы – аб гэтым расказала і перадала ў школьны музей фотаздымкі пляменніца Марыя Крыганчук. Адшукаць каго-небудзь з родных у пасляваенныя гады так і не давялося… Не дачакаліся салдацкіх пісьмаў-«трохвугольнічкаў» родныя вяскоўцаў Андрэя Сяргуты і Аляксея Паляцілы, якія прапалі без вестак у тых страшных баях 1941-1942 гадоў.
Партызанскі крайУ адказ на фашысцкія здзекі, тэрор і насілле ў партызаны ішлі і дарослыя, і старыя, і дзеці. Сотні і тысячы жыхароў змагаліся з ворагам на тэрыторыі Кобрыншчыны, якая уваходзіла ў сферу дзейнасці Брэсцкага партызанскага злучэння.Устаноўлена 28 прозвішчаў жыхароў вёскі Навасёлкі, якія змагаліся супраць захопнікаў – былі партызанамі або сувязнымі у васьмі партызанскіх атрадах. 15 з іх – партызаны і сувязныя атрада імя Фрунзе брыгады імя Сталіна Брэсцкага злучэння, 13 вяскоўцаў дзейнічалі ў іншых партызанскіх злучэннях.Гістарычная даведка. Старасельскі партызанскі атрад імя М.М. Чарнака быў арганізаваны ў Старасельскім лесе і дзейнічаў у Жабінкаўскім раёне. 22 сакавіка 1944 года злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі, быў перафарміраваны і зноў накіраваны на акупіраваную тэрыторыю.З лета 1941 года жыхары вёскі сталі сувязнымі партызынскіх груп і атрадаў, у тым ліку Старасельскага. Амаль усе яны былі ўдзельнікамі антыпольскага руху ў 1920-1930 гадах і актывістамі Савецкай улады ў перадваенны час. Іх сувязь з партызанамі гітлераўцы выявілі яшчэ ў перадваенны час – у мясцовасці працавалі апранутыя ў савецкую форму дыверсанты. У 1942 годзе пачаліся арышты…
У ліпені 1942 года фашысты расстралялі на ўскрайку вёскі дэпутатаў даваеннага Навасёлкаўскага сельсавета і партызанскіх сувязных Ілью Паляцілу, Івана Рогача і Кірыла Сахарчука. Усе яны былі сувязнымі Старасельскага атрада і падтрымлівалі сувязь з іншымі фарміраваннямі з самага пачатку вайны. Таксама за сувязь з партызанамі каля вёскі Патрыкі быў расстраляны Іван Піліпук, якога перад гэтым прымусілі капаць магілы для забітых яўрэяў.У верасні 1942 года за сувязь з партызанамі карнікі схапілі Кірыла Букрабу, чый сын пайшоў у партызаны. Ранкам, калі Кірыл стаяў на вуліцы, яго арыштавалі і прывялі ў памяшканне школы. Доўгі час вялі допыты, па-зверску збівалі, прывязвалі на некалькі сутак да вярбы без ежы і вады, накінуўшы на галаву мяшок. Урэшце выкалалі вочы і закапалі жывым ва ўрочышчы Калатыўшчына. Нягледзячы на страшныя пакуты, Кірыл Букраба ні ў чым не прызнаўся ворагам. Разам з ім пакутніцкую смерць прыняў партызанскі сувязны з вёскі Старое Сяло Іван Паляціла, якога схапілі ў той самы дзень. Уратавацца пашчасціла толькі жыхару вёскі Паўлопаль Лявону Хінцу, якому дапамог адзін з немцаў, які добра размаўляў па-польску.Другое вядомае падраздзяленне, якое дзейнiчала ў Кобрынскiм i Жабiнкаўскiм раёнах, - атрад імя Фрунзе. У яго радах змагаліся такія жыхары вёскі Навасёлкі, як І. А. Ніканчук, С. А. Бляян, В. С. Пятручык, А. Я. Рогач, І. В. Яшчук, С. М. Паляціла і многія іншыя.Гістарычная даведка. Атрад iмя Фрунзе быў арганiзаваны 3 лiпеня 1943 г. i ўвайшоў у склад брыгады iмя Сталiна. На момант утварэння атрад налiчваў 40 чалавек. Месцам яго арганiзацыi быў лес каля в. Антанова, а пастаянным месцам дыслакацыi - Чарнянскi, Паўлопальскi i Барысаўскi лясы. Першапачаткова атрад знаходзiўся ў Паўлопальскiм лесе i ў залежнасцi ад абстаноўкi мяняў месца дыслакацыi. Партызаны атрада праводзiлi баявыя аперацыi, часта сумесна з Старасельскім атрадам (iмя Чарнака).У жнiўнi 1943 г. партызаны-фрунзеўцы лiквiдавалi нямецкую гаспадарку "Губерня" на поўдзень ад Кобрына (па Уладаўскай шашы), забралi 150 галоў буйной рагатай жывёлы, 45 коней з вупражжу i павозкамi.
Восенню 1943 г. атрад папоўнiўся мясцовай моладдзю i налічваў каля 600 чалавек: 5 рот i некалькi дыверсiйных груп. Партызаны ўзрывалi нямецкiя эшалоны, грамiлi нямецкiя гарнiзоны ў райцэнтрах Ратна i Дзiвiне, у вёсцы Макраны, камендатуры ў вёсках Азяты i Чарняны. Звычайнай справай для партызан былi засады (у тым лiку памiж вёскамi Перкi i Пескi па Маскоўскай шашы). У адной з засад было забiта 29 нямецкiх афiцэраў i адзін генерал. Партызаны разбуралi тэлефонна-тэлеграфную сувязь, распаўсюджвалi лiстоўкi i зводкi Iнфармбюро сярод насельнiцтва.У сакавiку 1944 г. атрады iмя Фрунзе i iмя Чарнака злучылiся з часцямi Чырвонай Армii i вялi жорсткiя баi з ворагам уздоўж шашы Кобрын - Маларыта i асаблiва на канале Ор, што каля Дзiвiна. Праявiлi адвагу ў баях разведчыкi Мiкалай Бычак i Павел Семянюк, кулямётчык-фрунзевец Мацвей Краўчук, які адбiў восем нямецкiх атак. Сiлы аказалicя не роўнымi. Часцi Чырвонай Армii, а разам з iмi i партызаны, вымушаны былi адступiць за р. Прыпяць. Там атрады i былi расфармiраваны. З атрада iмя Фрунзе было выдзелена 70 чалавек i ў маi 1944 г. яны зноў былi перакiнуты для дыверсiйнай работы ў Дзiвiнскi i Кобрынскi раёны (у другi раз атрад злучыўся з Чырвонай Армiяй 21 лiпеня 1944 г.).На момант злучэння з Чырвонай Армiяй у атрадзе iмя Фрунзе было 407 народных мсціўцаў. Партызаны атрада разграмiлi 12 варожых гарнiзонаў, падарвалi 47 эшалонаў, 46 чыгуначных i шашэйных мастоў, разбурылi каля пяці кіламетраў тэлефонна-тэлеграфнай сувязi, знiшчылi каля адной тысячы нямецкiх салдат i афiцэраў. Партызанамi i сувязнымi атрада iмя Фрунзе былi многiя жыхары в. Навасёлкі (на 01.01.10 г. устаноўлена 15 прозвішчаў).Вядомы сваёй дзейнасцю і атрад «25 гадоў Савецкай Беларусі», арганізаваны вясной 1944 года з партызан атрада імя Фрунзе. Партызаны гэтага атрада ўдзельнічалі ў баях з фашыстамі на рацэ Прыпяць. У складзе атрада быў жыхар вёскі Навасёлкі Мікалай Улезла.Ветэраны партызанскага руху вёскі Навасёлкі пасля вайны не раз наведвалі школу, расказвалі дзецям пра сваё ваеннае жыццё. На жаль, з кожным годам іх застаецца ўсё менш – час і хваробы няўмольна збіраюць сваю даніну. А нам застаецца памяць – пра подзвігі і гераізм, пра суровыя франтавыя будні, пра цяжкі лёс нашых землякоў, дзякуючы якім мы сёння жывем пад мірным небам. Пра тое, што нельга забыць.(Працяг будзе.)Дзмітрый БЯЛОЎ.
Поделиться в соцсетях: