І святочны настрой, і адчуванне цудаў, і чаканне падарункаў ад добрага Дзеда Мароза – усё гэта нам дорыць адно з самых чаканых і радасных святаў – Новы год. Заўсёды чакаюць яго і ў Кобрынскім доследным лясгасе. І не толькі таму, што тут таксама ў гэтыя дні пануе перадсвяточны настрой, а яшчэ з прычыны таго, што для лясгаса пераднавагоднія дні – заЎсёды гарачая пара.
Вось і сёлета тут мяркуецца рэалізаваць 2000 хваёвых навагодніх дрэў. Продаж лясных прыгажунь будзе здзяйсняцца ў самім лясгасе па вуліцы Савецкай, 79, а таксама ў Балоцкім, Пятровіцкім, Запрудскім і Засімоўскім лясніцтвах. Гандаль маладымі ялінкамі і сасонкамі пачнецца з 23 снежня і, акрамя святочнага дня 25 снежня, будзе ісці да 31 снежня ўключна, з 8.00 да 18.00.
Кошт навагодніх дрэў даволі “дэмакратычны”: да 1 метра – 20000 рублёў, ад 1 да 2 метраў – 25000 рублёў, ад 2 да 3 метраў – 32000 рублёў.
Разам з тым работнікі лясгаса папярэджваюць, што за незаконнае высяканне прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць згодна з артыкулам 15.22 ч.1.2 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях у выглядзе штрафу да 50 базавых велічынь. У мэтах спынення выпадкаў незаконных парубак і навядзення адпаведнага парадку ў арганізацыі водпуску навагодніх дрэў нарыхтоўка будзе праводзіцца строга ў адпаведнасці з выпісанымі лесарубнымі білетамі, на спецыяльных плантацыях, у парадку расчысткі прасек, пры правядзенні высечак догляду за лесам. Катэгарычна забараняецца праводзіць самастойную нарыхтоўку навагодніх дрэў, асабліва сярод жыццяздольнага падлеску і маладняку. Дзяржаўная лясная ахова разам з работнікамі Кобрынскага РАУС будуць пільна сачыць за сітуацыяй у лесе, а таксама на аўтадарогах і станцыях.
Ян ПАЛЕСКІ.
Поделиться в соцсетях: