Калі я паспрабавала заплюшчыць вочы і ўявіць, што адчувае Наталля, не вытрымала і пяці хвілін… А яна не бачыць ужо пяць гадоў. Аднойчы стаміўшыся пасля дзённай працы, Наташа пайшла класціся спаць, а калі прачнулася – перад вачыма поўная цемра. Адразу не зразумеўшы, што здарылася, думала - пройдзе, але дзень, другі, трэці… Фатальную ролю адыграў цукровы дыябет. Зараз ёй дваццаць шэсць. Нягледзячы на жыццёвыя перашкоды вясёлая па характары, яна не страціла аптымізму. Калі стала пытанне, хто паедзе на абласны конкурс “Я – самы рэабілітаваны”, ваганняў не было. Наташа на той час ужо валодала неабходнымі для спаборніцтва ўменнямі і навыкамі.
- Два гады назад я скончыла камп’ютарныя курсы, - расказвае Наталля Саўчук. – Знаёмы сябар Аляксей вучыць пісьму па Брайлю, трэніруемся хадзіць па горадзе з палкай. Тое, што некалі мела зрок, дапамагае самастойна рабіць усе хатнія справы – мыць бялізну, гатаваць, прыбіраць, нават глядзець за пляменнікам.Заданняў на конкурсе было шмат. Поўнасцю невідушчыя і тыя, хто яшчэ крыху бачыць, спаборнічалі ў валоданні камп’ютарам, хадзьбе з палкай, пісьме па Брайлю, чыстцы агародніны, прышыванні гузікаў, пераборы круп. Некаторыя ўдзельнічалі не першы год. Але трэніроўкі хадзьбы з палкай прынеслі свой вынік - Наташа ў намінацыі “Прасторавае арыентаванне і камунікабельнасць” атрымала дыплом першай ступені. У агульным заліку сярод 21 удзельніка кабрынчанка заняла трэцяе месца. Хутка яна паспрабуе свае сілы ў рэспубліканскім этапе конкурсу.Дзяўчыне пашанцавала з роднымі, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, хвалююцца за яе, падтрымліваюць. Але, гледзячы на Наталлю, складваецца ўражанне, што менавіта яе імпэту, яе пазітыву хапае на ўсіх блізкіх. Дарэчы, у яе шмат сяброў, як гаворыць сама дзяўчына: “Я люблю зносіны. Люблю размаўляць па тэлефоне, скайпе, бывае так, што датэлефанавацца да мяне вельмі складана”.Вось і на нашу сустрэчу яна прыйшла з сябрам Аляксеем, з якім разам уваходзяць у Кобрынскую раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. У гэтым годзе нягледзячы на тое, што Алёша дрэнна бачыць і чуе, ён скончыў БрДУ імя А.С. Пушкіна, працуе масажыстам у раённай паліклініцы. Сяброўства распачалося з таго часу, калі Аляксей пачаў вучыць Наталлю прастораваму арыентаванню.- Наташа - добры чалавек, яна стараецца ўсім дапамагаць, а пра сябе думае ў апошнюю чаргу, - расказвае Аляксей.- У Наталлі шмат сяброў, яна вельмі камунікабельная дзяўчына, - гаворыць Валянціна Смяховіч, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ». - Мне падабаецца іх сяброўства з Лёшай. Яны дапаўняюць адзін аднаго. Аляксей дрэнна чуе – яна яго вушы, затое ён выдатна арыентуецца ў прасторы, добры прыклад для Наталлі. Увогуле, за тры гады, што Наташа ў нашай арганізацыі, яна зарэкамендавала сябе як чалавек мэтанакіраваны. Калі мы адпраўлялі яе на камп’ютарныя курсы ў Брэст, то вельмі хваляваліся за дзяўчыну, але і там яна хутка адаптавалася, знайшла сяброў. Зараз у нашай арганізацыі яна праходзіць адаптацыю, займае пасаду аператара электронна-вылічальнай тэхнікі, дапамагае мне ва ўсіх справах. Вось толькі пытанне з далейшым працаўладкаваннем Наталлі застаецца адкрытым, - клапоціцца пра лёс дзяўчыны Валянціна Мікалаеўна.Некаторыя пры сустрэчы на вуліцы не вераць, што Наташа не бачыць, так раптоўна ўсё атрымалася і з такой годнасцю яна ўсё вытрымала. Але не заўсёды ўсё было лёгка, першы час ахоплівала пачуццё абыякавасці, хвалявалася, што будуць думаць пра яе людзі. Дзякуючы моцнаму характару вытрымала хвіліны адчаю і цяпер смела, пры дапамозе палкі, яна нанова знаёміцца з любімым горадам. А яшчэ збіраецца падключыць у мабільным тэлефоне навігацыйную праграму, каб навучыцца хадзіць самастойна.Гісторыя гэтай дзяўчыны - не проста гісторыя, гэта прыклад для кожнага з нас. Хто не бачыць, зразумее - жыццё без колеру можа быць цікавым, мець свае, адметныя фарбы. Хто надзелены зрокам, задумаецца, якім дарам валодае, і як часта заплюшчвае вочы на ўсе фарбы жыцця.- Кожны раз, калі кладуся спаць і калі прачынаюся, думаю – ну вось, яшчэ крыху - і да мяне вернецца зрок. Я буду бачыць… – штодзень думае наша гераіня.Ірына ЛЕСІК.НА ЗДЫМКУ: добра, калі побач ёсць сябры.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: