Нядаўна ў г. Сакалоў-Падляскі (Польшча) праводзіўся традыцыйны еўрапейскі фестываль фальклору, у якім прынялі ўдзел творчыя калектывы з сямі краін. Беларусь на гэтым мерапрыемстве прадстаўляў народны ансамбль песні ”Ясніца” Стрыгаўскага СДК пад кіраўніцтвам Яўгена Гурскага.
Невялікі польскі гарадок, дзе праводзіўся фэст, ператварыўся ў сапраўднае суквецце разнастайных культур. Шматлікія гледачы мелі магчымасць убачыць на вялікай сцэне творчыя нумары ў выкананні палякаў, татараў, сербаў, туркаў, расіян, украінцаў і інш.
- Перад удзельнікамі фэсту стаяла няпростая задача - усяго за 20 хвілін прэзентаваць абрадавую культуру той ці іншай краіны. Пры гэтым абавязковай умовай было выступленне ў традыцыйных нацыянальных касцюмах, - расказвае Яўген Гурскі.
І “Ясніца” годна справілася. Людміла Мядзведзева, Марына Фірысюк, Алена Марчук, Ніна Муравейка, Дыяна Вышынская, Тамара Качан, Сцяпан Белаш, Наталля Ліхтар на роднай мове выканалі інсцэніроўку старажытнага беларускага абраду “Гуканне вясны”, які складаўся з аўтэнтычных песняў і танцаў. Дарэчы, гэтая праграма рыхтавалася ў тым ліку на аснове багатага фальклорнага матэрыялу жыхароў вёсак Кобрыншчыны. Апладысментамі і авацыямі гледачы сустракалі майстэрства нашых землякоў. У выніку яны занялі другое месца. За свае намаганні народны ансамбль песні “Ясніца” ўдастоены дыплома лаўрэата фэсту, а таксама ўзнагароджаны памятнай статуэткай і каштоўным падарункам. Таксама кабрынчане прынялі ўдзел у заключным гала-кацэрце. Калектыў шчыра ўдзячны кіраўніцтву аддзела культуры райвыканкама за ўсебаковую падтрымку. Арганізатары фэсту выказалі жаданне бачыць нашых землякоў на гэтым мерапрыемстве ў наступным годзе.
[gallery link="file" order="DESC" columns="2"]
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: народны ансамбль песні “Ясніца” ў Польшчы.
Фота з архіва Яўгена Гурскага.
Поделиться в соцсетях: