З дня чарнобыльскай трагедыі мінула 32 гады. Але ў жыцці тых, хто прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі, яна назаўсёды пакінула чорныя старонкі. Перагарнуць іх разам з ліквідатарам Аляксандрам Газуком змагла і карэспандэнт “КВ”.
Аляксандр Паўлавіч – карэнны кабрынчанін. Вучыўся ў СШ № 5 г. Кобрына, марыў пступіць у верталётнае вучылішча. Але лёс вырашыў інакш. Юнак пайшоў служыць у армію, трапіў у Ташкент у войскі сувязі ВПС. Вярнуўшыся на радзіму, у 1985 годзе ён уладкаваўся вадзіцедем у міліцыю.
А 26 красавіка 1986 года на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся выбух. Пачалося змаганне са смертаноснай радыяцыяй. Пяцікіламетровую зону вакол электрастанцыі ачапілі калючым дротам, аставілі пасты КПП. Пачалі эвакуіраваць людзей з суседніх весак. Каб захаваць маёмасць ад марадзераў, ствараліся зводныя атрады міліцыянераў, якія неслі вахту ў пакінутых весках.
Атрад ліквідатараў, у які трапіў 24-гадовы Аляксандр Газук, змяняў літоўцаў у верасні 1987 года. Два вялікія аўтобусы прывезлі людзей у Хойнікі, дзе ім выдалі міліцэйскую палявую форму і цёплыя бушлаты. Пасялілі ў будынку былой школы ў вёсцы Бабчын Брагінскага раёна. Як гаворыць Аляксандр Газук, у прыродзе нішто не выдавала трагедыі - сады ламіліся ад вялікіх сакавітых яблыкаў і груш, лясы здзіўлялі вялікай колькасцю грыбоў. Але ні збіраць іх, ні есці было нельга. Як нельга было піць з калодзежаў, якой бы чыстай не здавалася вада. А вось разбураныя і разрабаваныя хаты, зруйнаваныя двары і пустыя крамы глядзелі на прыезжых маўкліва і дакорліва.
Працавалі міліцыянеры ў тры змены. Аляксандр Паўлавіч дастаўляўлюдзей, якія кантралявалі прапускны рэжым, і сачылі за парадкам у вёсках. Асабліва цяжка ездзіць было ноччу: асвятленне адсутнічала, на дарогу выходзілі дзікія жывёлы. Сустрэчу са зграяй ваўкоў мужчына і зараз узгадвае з жахам.
Марлевыя павязкі, якія выдавалі, каб менш удыхаць радыяцыю, не дапамагалі. І павышаны фон радыяцыі нагадваў аб сабе пяршэннем у горле, млоснасцю, галавакружэннем. Ездзілі заўсёды па двое. Аўтамабілі хутка накаплялі радыяцыю і іх адпраўлялі на своеасаблівыя могілкі, што таксама ахоўваліся салдатамі.
Пасля змены ўсе абавязкова ішлі ў лазню, каб змыць радыеактыўны пыл. Кармілі вельмі добра.
– На памяць аб тых падзеях я захаваў толькі невялікую зорачку з какарды, – заўважае Аляксандр Газук.
Зараз Аляксандр Паўлавіч ўжо не памятае, якую лічбу выдаў накапляльнік радыяцыі, калі ён пакінуў зону адчужэння. На здароўе не скардзіўся: мабыць, маладосць дала сваё. Адразу ж па прыездзе усіх адправілі на медагляд, пасля – на аздараўленне.
Жыццё пайшло сваёй хадой. Аляксандр Газук завочна скончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, дзе атрымаў спецыяльнасць настаўніка рускай мовы і літаратуры. Выгадаваў трох дзяцей. У званні маёра пайшоў на заслужаны адпачынак і заняўся прадпрымальніцтвам. Аб тых чорных старонках нагадваюць медаль, пасведчанне ліквідатара і некалькі старэнькіх фотаздымкаў…
Ксенія ПАЛЬТО.
НА ЗДЫМКАХ аўтара і з архіва ліквідатара: Аляксандр Газук; за спінай - ЧАЭС, 1987 год.
Поделиться в соцсетях: