Прогноз погоды
Сб, 26 апреля 2025

На Кобринщине прошёл семинар по проекту ООН и Европейского союза, посвящённый охране окружающей среды.

24/10/2012 Молодёжь Образование

…Вы ведаеце, як дакладна называецца дрэва, якое расце ў вас за акном? Ці, напрыклад, чым адрозніваецца голуб ад галкі? Вучні школ, якія прэтэндуюць на атрыманне статуса “зялёных”, - ведаюць. І не толькі гэта – але і многае іншае, што датычыцца навакольнага асяроддзя. Гэта выдатна пацвердзіў чарговы семінар па праекце Праграмы развіцця ААН/Еўрапейскага Саюза “Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”, які прайшоў нядаўна на Кобрыншчыне. У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Міністэрства прыродных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Кобрынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы  навакольнага асяроддзя, КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”, упраўлення адукацыі Кобрынскага райвыканкама,  школ Кобрыншчыны і іншыя.

- Такія семінары рэгулярна праводзяцца ў трох раёнах Беларусі – Мастоўскім, Міёрскім і Кобрынскім, якія сталі пілотнымі ў рэалізацыі праекта, - расказвае галоўны спецыяліст упраўлення агульнай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Галіна Раманавец. – Прадугледжана цэлая сістэма работы па экалагічным выхаванні нашай моладзі. Задачай бягучага навучальнага года з’яўляецца распрацоўка нарматыўнай дакументацыі, якая дазволіць нашым установам адукацыі працаваць у гэтым праекце ў поўную сілу. Можна сказаць з упэўненасцю, што праграма “Зялёныя школы” – гэта перш за ўсё выдатная магчымасць на самой справе змяніць у лепшы бок стаўленне чалавека да навакольнага асяроддзя.

Як адзначыў у ходзе семінара тэматычны каардынатар праекта Аляксандр Вінчэўскі, сёння на прыкладзе нашых школьнікаў можна назіраць парадаксальную сітуацыю. Так, яны выдатна ведаюць, як выглядае жыраф ці насарог, але часам не могуць адрозніць дуб ад граба ці грака ад вароны, не могуць сказаць, якія кусты растуць на школьным двары. Працягваючы тэму – менавіта ад  узроўню экалагічнай культуры залежыць і паспяховасць многіх іншых праектаў.

- Ведаеце, можна ўкласці вялікія грошы ў набыццё тэхнікі для рэалізацыі – скажам, раздзельнага збору смецця, - дзеліцца сваімі думкамі Аляксандр Вінчэўскі. – Але ўсе яны пойдуць на вецер, калі людзі не будуць ведаць, навошта гэта патрэбна, і не будуць, напрыклад, свядома выкідваць шкло ў кантэйнеры, прызначаныя менавіта для шкла. А выхаванне гэтай культуры павіна пачынацца з маленства, са школьнай парты. Толькі такім чынам можна выпрацаваць у чалавеку пачуццё адказнасці за тое, што яго акружае.

Выступленні педагогаў, якія прадставілі на семінар справаздачы аб выкананай рабоце, наглядна пацвердзілі – рэалізацыя праекта не стаіць на месцы. Ужо сёння, напрыклад, вучні СШ №6, куды завіталі ўдзельнікі семінара, паспяхова праводзяць маніторынгі расходу вады і электраэнергіі, клапоцяцца аб эканоміі, вывучаюць навакольнае асяроддзе, ствараюць умовы для жыцця дзікіх жывёл і раслін, прымаюць удзел у разнастайных акцыях – напрыклад, па зборы пластыкавых бутэлек, займаюцца азеляненнем прышкольнай тэрыторыі. Але самае галоўнае – яны, як і вучні іншых школ, якія прэтэндуюць на статус “зялёных”, ужо зараз разумеюць, як трэба ставіцца да прыроды і да яе багаццяў. І не проста ведаюць – але ўвасабляюць свае веды ў рэальных дзеяннях.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу