Сёлета спаўняецца 95 гадоў з дня заснавання беларускай міліцыі. Для Кобрынскага РАУС гэты юбілей запомніцца асабліва. Мясцовыя праваахоўныя органы былі ўдастоены пераходнага Ганаровага прыза імя генерал-маёра міліцыі Валерыя Асташонка. Вялікі крыштальны кубак і дыплом уручаюцца УУС Брэсцкага аблвыканкама лепшым аддзелам унутраных спраў. Цяпер трафей заняў сваё годнае месца ў кабінеце начальніка Кобрынскага РАУС падпалкоўніка міліцыі Максіма Суботы. Аб тым, з якімі вынікамі кобрынская міліцыя адзначае памятную дату, Максім Аляксандравіч расказаў нашаму карэспандэнту.
- Цвёрда перакананы ў тым, што гэта ўзнагарода і многія іншыя заслугі – не выпадковасць, а прамое сведчанне зладжанасці і высокага прафесіяналізму ўсяго асабовага складу РАУС, які шмат гадоў планамерна выконвае галоўную задачу – абараняе правы грамадзян, інтарэсы грамадскасці і дзяржавы. Гэтыя ж функцыі былі закладзены ў падмурак стварэння Кобрынскага РАУС. У верасні 1939 года пастановай №3 Часовага ўпраўлення парадку ў г. Кобрыне і Кобрынскім павеце было юрыдычна замацавана арганізаваць рабочую гвардыю для аховы парадку, якая пазней пераўтварылася ў Кобрынскі павятовы аддзел Народнага камісарыята ўнутраных спраў. У гады Вялікай Айчыннай вайны, у мірны час мясцовыя супрацоўнікі міліцыі заўсёды былі, як кажуць, на першых ролях у грамадстве, імкнуліся супрацьстаяць усім праяўленням злачыннасці, забяспечваць выкананне закона на тэрыторыі горада і раёна.
Адзначу, што мінулы год быў для нас няпростым. На тэрыторыі Кобрыншчыны здзейснена 627 злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, у 2010 годзе - 508 фактаў. Як і раней, у сумнай статыстыцы пераважаюць крадзяжы маёмасці ўсіх формаў уласнасці (490 супраць 357 у 2010 годзе).
Шмат турбот міліцыі прыбавілі крадзяжы з удзелам злачынцаў-“гастралёраў”. Устаноўлены і затрыманы групоўкі і злодзей-адзіночка, якія, як на работу, амаль кожны дзень прыязджалі ў Кобрын з Брэста і Пінска, каб пажывіцца каштоўнай маёмасцю з кватэр ці дамоў кабрынчан. Дзякуючы зладжанай рабоце нашых аператыўнікаў, усіх гэтых “профі” ўдалося “вылічыць” і затрымаць. Практычна кожны дзень да нас звяртаюцца пацярпеўшыя з фактамі крадзяжоў мабільных тэлефонаў і веласіпедаў. У працэсе разбораў высвятляецца, што ў асноўным прычынай становіцца банальная легкадумнасць кабрынчан. У сваю чаргу мы працягваем работу па прафілактыцы такіх выпадкаў.
У выніку комплексных мер праваахоўных органаў скарацілася колькасць злачынстваў у сямейна-бытавой сферы, супрацьзаконных учынкаў, здзейсненых непаўналетнімі, нецвярозымі грамадзянамі, раней асуджанымі асобамі, хуліганстваў. Згвалтаванняў, вымаганняў і рабаванняў не дапушчана ўвогуле. Разам з тым вядзецца наступальная барацьба з карупцыяй, якая падрывае аўтарытэт дзяржаўных органаў улады. Паспяхова працягваецца работа па супрацьдзеянні наркатрафіку і гандлю людзьмі.
За мінулы год выяўлена 23924 адміністрацыйныя парушэнні. А гэта, згадзіцеся, нямала для Кобрынскага раёна, дзе агульная колькасць насельніцтва – крыху болей за 87 тысяч чалавек. Вялікую ролю па недапушчэнні гэтых фактаў адыгрываюць участковыя міліцыянеры.
Пытанні дарожнай бяспекі таксама не страчваюць вастрыні. Летась зарэгістравана 70 ДТЗ, у якіх 18 чалавек загінулі, 78 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. На жаль, штрафы, іншыя меры ўздзеяння не заўсёды стрымліваюць нецвярозых вадзіцеляў ад спакусы сесці за руль, такіх за мінулы год супрацоўнікамі ДАІ было выяўлена 442 чалавекі.
У гэтыя святочныя дні словы ўдзячнасці і павагі адрасую тым, хто ў розныя часы ўнёс істотны ўклад у развіццё і станаўленне мясцовых органаў унутраных спраў і ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку ці служыць на больш высокіх пасадах у іншых падраздзяленях МУС, – старшыні раённага савета ветэранаў РАУС Мікалаю Карніевічу, былым начальнікам РАУС Сяргею С’едзіну, Эдуарду Ярашуку, Генадзю Ператолчыну, Аляксандру Шарындзе, намеснікам начальніка РАУС Рыгору Карасюку, Мікалаю Кірылюку, Пятру Магуйлу, Сцяпану Антанюку, начальніку АБЭЗ Анатолю Макаруку, начальніку інспекцыі па справах непаўналетніх Анатолю Кананчуку, начальніку крымінальнага вышуку Сяргею Чырко і многім іншым.
Хочацца ад усяго сэрца падзякаваць усім маім калегам за плённую службу, павіншаваць з юбілеем беларускай міліцыі і прафесійным святам, пажадаць моцнага здароўя, міру і дабрабыту.
Гутарыў Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: Максім Субота з Ганаровым прызам імя генерал-маёра міліцыі Валерыя Асташонка.
Фота аўтара.
Будні і перамогі кобрынскай міліцыі
Шэсць службаў аддзела ўнутраных спраў Кобрынскага райвыканкама былі прызнаны лепшымі сярод аналагічных структур Брэсцкай вобласці за 2011 год.
Найбольшай эфектыўнасці ў аператыўна-службовай дзейнасці дасягнулі:
- аддзяленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі;
- аддзяленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі;
- аператыўна-дзяжурная служба;
- ізалятар часовага ўтрымання;
- медыцынскі выцвярэзнік;
- група кадраў.
Лепшым па прафесіі прызнаны начальнік ізалятара часовага ўтрымання маёр міліцыі Аляксей Гузноў.
Сёння наша газета прапануе бліжэй пазнаёміцца з пера можцамі, якія заслужылі ганаровыя ўзнагароды.
Поделиться в соцсетях: