З міліцэйскага “УАЗа” вартавыя парадку ўважліва сачылі за сітуацыяй навокал. Раптам пачулі выццё воўка, потым да адзінокага голасу далучыліся яшчэ некалькі. І вось канчатковая кропка маршруту патрулявання – вёска Чапаеўка Нараўлянскага раёна. На ўскрайку паказаліся дамы, у якіх даўным-даўно ніхто не запальваў святло. Незайздросны лёс быў у гэтага населенага пункта. Як і дзесяткі такіх жа вёсак беларускага Палесся, знаходзіўся ён ў так званай трыццацікіламетровай зоне адчужэння, якая была вызначана ў сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Адсюль тэрмінова выселілі людзей. Па падворках хадзілі свойская жывёла, птушкі, ля аднаго з калодзежаў стаяла вядро з вадою…
У склад зводнага атрада міліцыі ўваходзіў і кабрынчанін сяржант Сцяпан Рабчынскі. Па загаду кіраўніцтва Кобрынскага РАУС ён быў накіраваны ў камандзіроўку ў чарнобыльскую зону з верасня па кастрычнік 1986 года. Галоўнай місіяй была ахова грамадскага правапарадку. Паводле паступіўшай аператыўнай інфармацыі, у шэрагу пустуючых вёсак планавалі “пагрэць рукі” марадзёры.
Днём супрацоўнікі міліцыі патрулявалі вёскі пешшу. Сцяпан Іванавіч успамінае, як аднойчы з напарнікам яны апячаталі спецыяльнай стужкай некалькі дамоў. А калі праз паўгадзіны вярталіся назад да машыны, гэтыя стужкі былі ўжо сарваны. Напэўна, зламыснікі так і не рызыкнулі здзейсніць крадзеж, паколькі ведалі, якое сур’ёзнае пакаранне за гэта прадугледжваецца. Аднойчы ў час дзяжурства Сцяпан Рабчынскі пачуў у вёсцы страшны крык, які даносіўся з дома. Высветлілася, што гаспадары выпадкова закрылі там ката, які не мог самастойна выбрацца на вуліцу. Міліцыянер выпусціў пакутніка і прапанаваў яму некалькі сасісак. Кот праглынуў іх у імгненне вока і знік у бліжэйшых кустах. А яшчэ побач з вёскай разгульвалі ўжо адзічэлыя табуны коней, якія і блізка не падпускалі да сябе людзей.
- На вялікі жаль, даводзілася быць сведкам сумных падзей, калі маёмасць вымушана знішчалася,- расказвае кабрынчанін. – Напрыклад, у вёсцы Вуглы знаходзіліся вялікія пчальнікі. Мядовы водар адчуваўся здалёк. Але пасля радыяцыйнага кантролю высветлілася, наколькі небяспечным быў гэты прадукт. І пчальнік быў пахаваны бульдозерамі ў глыбокіх траншэях. Нягледзячы на тое, што за месяц не выпала ні кроплі дажджу, ураджай баравікоў проста здзіўляў сваёй шчодрасцю. Прычым, самі прыгажуны былі надзвычай вялікімі па памерах, цвёрдымі, нечарвівымі. Але і гэтыя каштоўныя прадукты моцна “фанілі” і толькі дражнілі вочы.
Перыядычна ў паветры над ЧАЭС баражыравалі верталёты. Яны скідалі пясок і свінец у рэактар. У атмасферы фіксаваліся небяспечныя радыяцыйныя выкіды.
Тэма катастрофы была галоўнай у размовах. Сцяпан Рабчынскі памятае, як выпадкова яму ўдалося пагутарыць з выконваючым абавязкі начальніка атамнай электрастанцыі.
- На службовы аўтамабіль “Ніва” кіраўніка АЭС, - успамінае Сцяпан Іванавіч, - былі прымацаваны ажно тры спецпропускі. Дасведчаны мужчына падрабязна расказаў аб прычынах трагедыі і цяжкасцях па ліквідацыі яе наступстваў. Як я потым пераканаўся, кожнае яго слова было праўдзівым.
Пасля камандзіроўкі ў чарнобыльскую зону Сцяпан Рабчынскі быў узнагароджаны знакам “Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС”, працаваў на розных пасадах у РАУС. Быў звольнены ў запас у 2007 годзе ў званні капітана міліцыі. Цяпер працуе інжынерам-інструктарам у Кобрынскім МРЭА ДАІ. Чарнобыльская трагедыя назаўсёды адбілася ў душы і сэрцы афіцэра. Многіх сяброў і калег, якія былі з ім разам, ужо няма. Аднак жыццё працягваецца. Важна, лічыць Сцяпан Іванавіч, каб была гарантавана бяспека эксплуатацыі такіх аб’ектаў.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: Сцяпан Рабчынскі.
Поделиться в соцсетях: